Пры канцы 90-х X-files мелі шалёную папулярнасць. Апантаны агент ФБР Фокс Малдэр і ягоная прыгажуня-напарніца Дана Скалі траплялі ў самыя незвычайныя прыгоды. Яны расследавалі справы чупакабры, джэрсійскага д’ябла, вампіры і маньякі проста не паддаваліся лічэнню. І ўсё гэта было смачна прыперчана тэмай НЛА, а таксама змовы дзяржаўных органаў, якія даўно ўступілі ў кантакт з іншапланетнікамі, але хаваюць гэта ад людзей.

Малдэр быў чалавекам, які ішоў супраць сістэмы, біўся ў непарушны мур. Персанаж, які не можа не выклікаць даверу і суперажывання.

Праз 15 гадоў мы бачым зусім іншага Малдэра — стомленага і не адкрытага для веры ў незвычайнае. Па першай серыі дык увогуле складваецца ўражанне, што акцёр Дэвід Духоўны так і не выйшаў з ролі Хэнка Мудзі (пажаванага пісьменніка-плэйбоя) з «Памаўзлівай Каліфорніі», а яго прымусілі граць Малдэра.

Агент ФБР нават з нейкай паблажлівасцю ставіцца да сваёй папярэдняй дзейнасці. Ён з раздражненнем кідае алоўкі ў плакат «Я хачу верыць» з выявай лятальнай талеркі. «Усё невытлумачальнае ўжо патлумачылі», — кажа герой, але ад яго хочацца чуць зусім іншае. Не дзеля гэтага мільёны людзей начамі глядзелі «Сакрэтныя матэрыялы». І хоць урэшце Малдэр сутыкаецца з нязведаным, але складваецца такое ўражанне, што гэта яго мала кранае — нейкае прафесійнае выгаранне. Такое ўражанне, што галюцынагенныя грыбы яго больш цікавяць усё ж дзеля таго, каб злавіць кайф, а не раскрыць справу.

Новыя X-files цытуюць Абаму і Трампа. Яны моцна прывязаныя да сённяшніх дзён: героі занураныя ў айфоны і карыстаюцца гуглам. Тэхнічным навінкам увогуле аддаецца нямала ўвагі. Паказана, як «простыя амерыканцы» вераць у тое, што «ААН мае план знішчэння Амерыкі праз дасыланне ім мігрантаў». Праблеме ісламскага тэрарызму прысвечаная цэлая серыя.

Дый падзеі ў дзясятым сезоне развіваюцца неяк празмерна імкліва. Дзевяць сезонаў не хапіла Малдэру і Скалі, каб разгадаць урадавую змову, а тут яны вылічваюць усё за першыя паўсерыі. Хаця ўсе добра памятаюць, што ісціна дзесьці побач?

У пятай серыі сезона агент ФБР у пераліку краін, адкуль прыходзяць трывожныя весткі, згадвае Беларусь. Хоць адна нагода для маленькай радасці: Малдэр і Скалі думаюць пра Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?