Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька пракаментаваў вокладку «Нашай Нівы», прысвечаную Усебеларускаму народнаму сходу.

«З'езд… або сход… быў цудоўным, быў цікавым, быў, безумоўна, карысным. Але нашыя незалежныя ад здаровага сэнсу сродкі масавай інфармацыі, як заўсёды, паднапружыліся і сапсавалі чыстае паветра. Паспрабавалі дэвальваваць, прынізіць, зрабіць нікчымнай вельмі важную падзею.

Вось глядзіце: загаловак у адрас усім, хто выбіраў, хто ўдзельнічаў, ад рэдактара газеты «Наша Ніва». «Бла-бла-бла» — прамая абраза».

Давыдзька зачытаў тры пытанні без адказу, надрукаваныя на першай старонцы «Нашай Нівы», і паспрабаваў адказаць на іх.

«На гэтыя пытанні насамрэч вельмі простыя адказы. Каб знайсці іх, таму, хто пытае, трэба проста адарваць філей ад канапы», — патлумачыў ён.

Хто з вас (нас) выбіраў дэлегатаў на гэты сход?

«Дык трэба было правесці сход у сваім працоўным калектыве. У вас няма працоўнага калектыву? Трэба было правесці сход па месцы жыхарства. У вас няма месца жыхарства? Арганізуйце які-небудзь рух бамжоў і ўзначальце яго! Прымітыўнае пытанне, разлічанае на плебс», — абурыўся Давыдзька.

Нагадаем, што на папярэднія сходы спрабавалі «абрацца» апазіцыйныя палітыкі: Аляксандр Казулін, Уладзімір Някляеў. У будынак іх проста не пускалі. Затое ўзгадаем, як у 2010-м трапляў на сход сам Давыдзька. «Мы аклікнулі дэпутата Давыдзьку, які таксама вылучаўся на Усебеларускі сход. На пытанне, хто яго вылучаў, спадар Давыдзька не здолеў адказаць. Запрашэнне на гэты сход ён атрымаў поштай. І гэты прыклад са спадаром Давыдзькам, які не ведае, хто яго абіраў, стаў ключавым момантам сённяшняга візіту на гэты сход. На гэты ж сход на вачах супрацоўнікаў міліцыі і чалавека з выканкама Ленінскага раёна ідзе дэпутат Давыдзька, які не ведае, хто яго абіраў», — узгадваў актывіст Міхась Пашкевіч.

Чаму ў Фінляндыі не праводзяць «усефінскі народны сход», а ў Славаччыне — «усеславацкі народны сход»?

«Узяць Швейцарыю, не будзем браць іншыя краіны. У двух кантонах некалькі стагоддзяў праводзяць народнае веча. І, дарэчы, толькі пры ўмове захавання гэтай традыцыі кантоны пагадзіліся быць у складзе Швейцарыі», — заявіў старшыня Белтэлерадыёкампаніі.

У Беларусі, прынамсі на паперы, дэкларуецца падзел на тры віды ўлады — заканадаўчую, судовую і выканаўчую. Якое месца сярод іх займае «ўсебеларускі сход» — невядома.

Рэгіянальнае веча, скліканае для абмеркавання актуальных праблем, не будзе прымаць рашэнне адзінагалосна, на 2500 чалавек.

Што па-беларуску будзе на гэтым «усебеларускім» сходзе?

«Калегі, што мелі на ўвазе?» — не зразумеў Давыдзька. На дапамогу прыйшоў кіраўнік «Звязды» Алесь Карлюкевіч: «На V Усебеларускім народным сходзе ўдзельнічалі беларусы, грамадзяне Беларусі, якія, дарэчы, у сваіх выступах столькі гаварылі пра развіццё суверэннай дзяржавы. Што ж тут не беларускага?»

«Па-мойму, загаловак «Бла-бла-бла» — гэта пра тое, што ён напісаў, — абурыўся генеральны дырэктар БелТА Дзмітрый Жук. — А што казалі на з'ездзе, будзе зроблена».

«Няўжо, каб выжываць, газяцёнцы трэба абражаць іншых. Няўжо не адчуваюць гэтую мяжу?» — падсумаваў Давыдзька.

Удакладняем, што слова «па-беларуску» азначае прамову, агучаную на сходзе менавіта па-беларуску. Відавочны дыспарытэт паміж дзвюма дзяржаўнымі мовамі хвалюе грамадства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0