1. Юрый Губарэвіч (Рух «За Свабоду» — акруга №108 «Каліноўская»)

Юрый Губарэвіч мае станоўчы досвед удзелу ў электаральнай кампаніі. Ён перамагаў на мясцовых выбарах 2003 года ў Белаазёрску. Тады ў гэтым невялічкім горадзе ўвогуле склалася ўнікальная сітуацыя, калі большасць у гарадскім савеце сфармавалі прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі. Уладзе даводзілася тэрмінова праводзіць давыбары, каб узнавіць статус-кво. Выбарчая кампанія Губарэвіча заўважная, яму 38 гадоў — самы ўзрост для палітыка.

2. Мікалай Казлоў (АГП — акруга №105 «Старавіленская»)

У міліцыі Мікалай Казлоў даслужыўся да падпалкоўніка. У цэлым яго служба праходзіла дастаткова бясхмарна да восені 2008 года. Тады Казлоў не проста выявіў факт укідвання бюлетэняў у скрыню для датэрміновага галасавання, але і не пабаяўся агучыць гэты факт. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах падпалкоўнік у адстаўцы злавіў на тым самым участку «карусельшчыкаў». Казлоў прыняў рашэнне балатавацца там сама, дзе фіксаваў злачынствы, побач з ім нікому не будзе проста.

3. Таццяна Караткевіч («Гавары праўду» — акруга №97 «Кастрычніцкая»)

Дзякуючы мінулым прэзідэнцкім выбарам, Караткевіч здабыла вялікую падтрымку і пазнавальнасць. Можна сказаць, што для многіх апазіцыя асацыюецца якраз са спадарыняй Караткевіч. Грэх не скарыстаць такі багаж у гэтай кампаніі. Супернік ад улады ў Таццяны Караткевіч — начальнік станцыі «Мінск-Пасажырскі» Аляксандр Дрожжа. Сур'ёзны, але, кажуць, цалкам прахадны.

4. Алесь Лагвінец (Рух «За Свабоду» — акруга №101 «Сухараўская»)

Спадар Лагвінец не першы раз спрабуе балатавацца менавіта ў Сухараве. Ён сам жыў у гэтай акрузе, ведае аб праблемах, які найбольш хвалююць жыхароў мікрараёна. Гэта не нейкі дзядзя, які вызначаны ў акругу выпадкова, Лагвінец адзін з тысячы аднолькавых. Такіх кандыдатаў любяць людзі. Пікеты ў падтрымку Лагвінца штодня стаяць па ўсім Сухараве. У супернікі Лагвінцу вызначылі дваіх дырэктароў школ, абое — праўладныя камуністы.

5. Алесь Міхалевіч (БНФ — акруга №109 «Уручанская»)

Міхалевіч таксама не ўпершыню спрабуе прарвацца ў парламент менавіта па Уруччы. Згадваецца 2008 год, калі многія шапталіся, што Міхалевіча і Раманчука ўлады дакладна прапусцяць у «палатку». Не, не прапусцілі ні першага, ні другога. З таго часу Міхалевіч прайшоў праз палітычны пераслед, эміграцыю, вяртанне. Пры гэтым усім ён застаўся ўсё такім жа гнуткім і разумным палітыкам. Міхалевіч здольны дагрукацца да многіх.

6. Уладзімір Навасяд (аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу — акруга №94 «Свіслацкая»)

У 2000 годзе, калі апазіцыя вырашыла байкатаваць выбары, Навасяд быў адным з нямногіх, хто вырашыў балатавацца. У выніку ён перамог па Ленінскай акрузе і стаў дэпутатам. У тым скліканні парламента апазіцыя яшчэ была прадстаўлена групай «Рэспубліка» (Фралоў, Парфяновіч, Скрабец). Яны папілі нямала крыві ўладзе, таму апазіцыю болей так і не прапускалі ў дэпутаты. Навасяд з таго часу так і не змог зарэгістраваць сваю партыю. Цяпер ён узначальвае ўстанову «Эфектыўнае кіраванне будынкамі» і марыць зноў прабіцца ў парламент.

7. Павел Стэфановіч (АГП — акруга №98 «Паўднёва-заходняя»)

У кожнай электаральнай кампаніі павінен быць такі чалавек, які сваімі паводзінамі будзе рваць усе шаблоны і нормы. Менавіта такім з'яўляецца 26-гадовы студэнт філасофскага факультэта Павел Стэфановіч. Сваімі прапановамі ён прыцягнуў увагу ўсіх СМІ, пра яго гавораць, з ім спрачаюцца. Уявіце, як такі персанаж мог бы ажывіць працу спакойнага беларускага парламента. Праўда, каб туды трапіць, Стэфановіч мусіць перамагчы цэлага дырэктара Мінскага вагонарамонтнага завода.

8. Алег Трусаў (ТБМ — акруга №96 «Чкалаўская»)

Трусаў ведаецца з усёй дзяржаўнай элітай, з ім вітаюцца і Уладзімір Макей, і Віктар Шэйман. Нават Лукашэнка на пытанне, якую б ён хацеў бачыць апазіцыю, адказаў пра Алега Анатольевіча Трусава. Таму многія і думалі, што каго-каго, а Трусава ў парламент прапусціць могуць. Шматгадовы старшыня ТБМ, дацэнт Універсітэта культуры, такі чалавек дакладна не глядзеўся б выпадковым у парламенце. А ў Трусава ж яшчэ і досвед дэпутацкі ёсць — ад 1990 да 1996 ён прадстаўляў інтарэсы людзей у Вярхоўным савеце.

9. Аляксей Янукевіч (БНФ — акруга №92 «Аўтазаводская»)

Хай і пішуць, што БНФ ужо не той, але сілы ў партыі, каб правесці ўзорную кампанію хаця б для свайго лідара, безумоўна, ёсць. Летась «бээнэфаўцы» былі галоўнай рухаючай сілай па зборы подпісаў у Мінску за Таццяну Караткевіч. Брэнд БНФ памятны, людзі яго не забываюць. І ва ўмовах пратэстнага галасавання Аляксей Янукевіч мог бы набраць шмат галасоў. Вось толькі ці будзе іх хтосьці сёлета лічыць?

10. Віктар Янчурэвіч (Рух «За Свабоду» — акруга №110 «Партызанская»)

У кагосьці ў дварах ідзе ўшчыльненне, вырубаюць парк, не прыбіраюць смецце? Да каго звяртацца ў такіх выпадках? Правільна, да Віктара Янчурэвіча. На ягоным рахунку дапамога ўжо тысячам людзей. Янчурэвіча ведаюць, да яго звяртаюцца, ён стараецца нікому не адмаўляць. Можна сказаць, што Віктар заслужыў сабе рэпутацыю гэткага Робін Гуда, абаронцы пакрыўджаных. Ці хопіць гэтага, каб патрапіць у парламент, пабачым у верасні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?