На Паўночных могілках, перад пахаваннем Паўла Шарамета, пыдышлі мы да шэрагу шапікаў з кветкамі набыць гваздзікоў. Я ледзь ужо не тычу грошы аднаму дзядзьку, а Раман Васільеў торгае мяне: «Ты што, зірні».

Я: «Што такое».

«Ды во», — паказвае той на майку дзядзькі.

Я – зірк, а там — Пуцін.

«Во засляпіла мне», — падумаў я сам сабе, а дзядзьку кажу: «Ты шо гэтага тэрарыста напяліў на пуза?»

Пачалі мы абурацца, а дзядзька нешта пыжыць на нас у адказ. Асабліва нешта даказваць не было калі — і мы пайшлі на могілкі.

Па вяртанні ж я прапанаваў паглядзець на дзядзьку і ацаніць выяву некаторым іншым сябрам, у тым ліку Паўлу Севярынцу і Мікалаю Аўтуховічу — і яны, вядома, рушылі. Праз хвілін пару пасля іх іду я да шапіка, а Севярынец ужо рушыць цвёрдым крокам назад.

«Ну што, бачыў дурня?» — пытаю я яго.

«Пагаварылі, — адказвае Паша, — ён яе ўжо пераадзеў унутраным бокам».

Бачу: сапраўды, стаіць ён сарамліва ўнутры шапіка, а на пузе заместа Пуціна — вывярнутая тым бокам майка.

Класік беларускай літаратуры Пімен Панчанка пісаў у вершы «Мала сказаць: ненавіджу…»

Мала сказаць: ненавiджу,
Мала сказаць: прызнаю,
Бiцца за праўду — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.

Дрэннаму — не пакарыцца,
Добрае — не празяваць.
З дробнай хлуснёй не мiрыцца,
З буйнай хлуснёй ваяваць.

І ці не пачатак гэта хлусні, калі навокал нас ходзяць у вопратцы з савецкай сімволікай, Леніным, Сталіным ці Пуціным? І што, мы робім выгляд, што не бачым іх? Ці проста нешта мармычам абуральнае сабе пад нос? Ты проста падыдзі ды скажы: «Навошта ты апрануў гэтую нечысць на пуза?» Проста скажы Слова. Раніцай выкажаш сваё абурэнне ты, па абедзе ў сталоўцы падыдзе да яго нехта іншы выказацца — і я перакананы, што гэта падзейнічае.

Ваяваць з буйнай хлуснёй стараюцца многія. Але ж усё буйнае пачынаецца з чагосьці малога. І я мяркую, што калі мы прывучым сябе ніколі і ні пры якіх абставінах не мірыцца з дробнай хлуснёй, то над намі ніколі не запануе і буйная хлусня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?