Апошнім часам добраўпарадкаванню праспекта Пераможцаў надаецца асаблівая ўвага. Цяпер сілы кінутыя на кладку тратуарнай пліткі ад скрыжавання з вуліцай Мельнікайтэ да скрыжавання з праспектам Машэрава.

Адметная рыса — выкладзеныя ўзоры нацыянальнага арнаменту. На ўсім участку яны размешчаны ў трох месцах па чатыры штукі.

На скрыжаванні з праспектам Машэрава сустракаем рабочых «Гаррамаўтадара». Мужыкі кажуць, што ўкладваюць новую плітку па абодва бакі праспекта да выбараў. Каб ўкласціся ў тэрмін, на субпадрад узялі яшчэ і прыватную кампанію.

Пытанне арнаменту рабочых асабліва не хвалюе. Яны кажуць, што відаць будзе ўзоры «з самалёта ці што» і разважаюць пра іншыя рэчы.

«У мяне хлопец прыехаў з Піцера, паглядзеў на гэтую працу і сказаў: «А вы што, такая багатая краіна? У нас усё ў асфальце, бо плітка — гэта дарагое задавальненне», — распавядае адзін з іх.

Мужчына кажа, што яны клалі плітку яшчэ і крыху далей — каля крамы «Суседзі», але пакуль замарозілі там працу. Асноўны ўпор — на гэты ўчастак.

«Я разумею, што гэта прыгажосць, але каму гэта трэба, калі ў людзей няма грошай», — кажа рабочы.

На другім баку працуе той жа «Гаррамаўтадар» і прыватная кампанія «Адванс Строй». Людзі з першай арганізацыі кажуць, што плітку трэба пакласці да выбараў. Рабочыя з прыватнай кампаніі распавядаюць, што трэба паспець да 1 верасня, паколькі 3-га будзе Дзень горада.

Адзначым, што плітка ў выглядзе нацыянальнага ўзору хоць і з'яўляецца новай для Мінска з'явай, але ўвязваецца з агульным трэндам гэтага года. У 2016-м вышыванка стала галоўным сімвалам Дня незалежнасці, купальскай ночы ў Александрыі і Славянскага базару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?