Папулярная брытанская газета The Telegraph днямі апублікавала артыкул пад назвай «П'янства, зубры і бабулькі. 25 фактаў, якія вы не ведалі пра Беларусь». Можна вінаваціць аўтараў у прадузятасці і неаб'ектыўнасці, а можна проста з усмешкай пачытаць пра тое, які нашу краіну і нас саміх убачылі лонданскія журналісты. Так, беларусы неабыякавыя да выпіўкі, затое гэта яны прыдумалі Viber і World of Tanks, а іх бібліятэка нагадвае нешта з «Зорных войнаў».

1. Яны любяць выпіць

The Telegraph спасылаецца на несуцяшальны для Беларусі даклад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. «У сярэднім грамадзяне спажываюць у эквіваленце 17,5 л чыстага спірту ў год. Гэта раўнасільна 179 бутэлькам віна ў год ці амаль пяці чаркам гарэлкі ў дзень», — адзначае выданне.

2. І пакурыць

Паводле іншага дакладу СААЗ, Беларусь знаходзіцца на другім месцы ў рэйтынгу краін, якія найбольш кураць у Еўропе, прапусціўшы наперад толькі Чарнагорыю. «У дактароў у Беларусі павінна быць вельмі шмат працы», — рэзюмуе журналіст Олівер Сміт.

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

3. Чатыры аб'екты сусветнай спадчыны

«Пра якія вы нічога не чулі», — піша The Telegraph, згадваючы замкі ў Міры і Нясвіжы.

4. Трагічная найноўшая гісторыя

Дэманструючы ўменне карыстацца «Вікіпедыяй», журналісты з The Telegraph паведамляюць, што Беларусь панесла велізарныя людскія страты ў гады Другой сусветнай вайны, здолеўшы аднавіць даваенную колькасць насельніцтва толькі да 1971 года. А ў 1986-м краіну накрыў Чарнобыль.

5. «Горад, пабудаваны Сталіным»

Бывалыя вандроўцы апісваюць Беларусь як «адбітак» СССР. «Маё першае ўражанне пра Мінск — гэта горад, пабудаваны Сталіным, — піша журналіст Санха Гуа. — Мінск быў разбураны падчас Другой сусветнай вайны, і Саветы пабудавалі на руінах узорны горад, каб прадэманстраваць сваю жыццеўстойлівасць».

Фота Сяргея Гудзіліна

6. Бабулі савецкай загартоўкі

«Калі вы хочаце ўспомніць, як гэта — адчуваць сябе нібы шкадлівае маленькае дзіця, то досыць учыніць маленькі промах», — працягваюць супрацоўнікі The Telegraph, прыводзячы гісторыю яшчэ аднаго журналіста: «Пры ўваходзе ў музей выяўленчых мастацтваў я меў неасцярожнасць не зняць паліто. Чыясьці цяжкая рука апусцілася на маё плячо. Рука належала не паліцэйскаму, а бабулі савецкай загартоўкі. «Кожны абавязаны зняць паліто», — сказала яна, спапяліўшы мяне позіркам. «Але мне холадна», — адказаў я нясмела на ламанай расейскай. «Паглядзіце на гэтых дзяцей», — паказала яна на групу школьнікаў у кашулях. Хутчэй бы я апынуўся на вешалцы ўнутры паліто, чым яна прапусціла б мяне далей».

7. Тут можна ўбачыць зуброў

Сімвал Беларусі — белавежскі зубр — таксама трапіў у топ-25 фактаў пра нашу краіну.

Фота Аляксея Буневіча

Фота Аляксея Буневіча

8. Мінск — найгоршы для жыцця горад Еўропы?

Выданне канчаткова дабівае імідж Мінска ў вачах брытанцаў, публікуючы спасылку на даклад кансалтынгавай кампаніі Mercer, аб'ектыўнасць якога выклікае сур'ёзныя пытанні. Даследчыкі апусцілі беларускую сталіцу на 190-е месца ў рэйтынгу гарадоў свету, ранжыраваных паводле якасьці жыцця.

9. Яна раўнінная

Альпіністам тут рабіць няма чаго, заключае The Telegraph. Самая высокая гара — Дзяржынская — мае вышыню ўсяго 345 метраў.

10. Яны вынайшлі Viber

Распрацоўкі беларусаў у галіне IT не засталіся па-за ўвагай брытанскіх журналістаў.

11. Нацыянальная бібліятэка выглядае як нешта з «Зорных войнаў»

«І змяшчае за 8 мільёнаў кніг, — піша аўтар артыкула. — Днём 236-футавы будынак цяжка не заўважыць, а ўвечары ён зліваецца з цемрай. Каб пазбегнуць такой непрыемнасці, дызайнеры ўсталявалі святлодыёдную падсветку граняў алмаза, дзякуючы чаму з надыходам цемры будынак становіцца самым неймаверным дыска-шарам у Еўропе».

12. У кожным горадзе ёсць вуліца Леніна

«На вуліцы Леніна, 27 у Мінску ёсць нават гандлёвы цэнтр з савецкай тэматыкай, які быў адкрыты летась», — піша газета, маючы на ўвазе ГЦ «Ленінград». На самай справе звычайны мэблевы гандлёвы цэнтр са спрэчнай назвай. Або, убачыўшы мадэльны шэраг канап, брытанцы падумалі, што апынуліся ў музеі СССР?

13. Яны падарылі нам «Спартака»

Галівудскі акцёр Кірк Дуглас, які сыграў галоўную ролю ў фільме «Спартак» (1960 года), мае беларускія карані. Яго бацькі эмігравалі ў ЗША з горада Чавусы Магілёўскай вобласці. «Скарлет Ёхансан і Харысан Форд таксама могуць прасачыць свой радавод да былой савецкай рэспублікі», — адзначае выданне.

14. І Марка Шагала

Акрамя пералічаных вышэй акцёраў і мастака Марка Шагала ў спіс выбітных беларусаў па версіі The Telegraph трапілі гімнастка Вольга Корбут, тэнісістка Вікторыя Азаранка, веласіпедыст Васіль Кірыенка, а таксама адзін з заснавальнікаў галівудскай кінастудыі Metro-Goldwyn-Mayer Луіс Маер.

15. Беларусь — азёрная

Факт бясспрэчны, тут брытанцы нічога не прыхлусілі.

Браслаўскія азёры. Фота Віктара Малышчыца

Браслаўскія азёры. Фота Віктара Малышчыца

16. Але не мае выхаду да мора

«Вады шмат, але салёнай няма наогул, — аўтары артыкула працягваюць узбагачаць чытачоў энцыклапедычнымі ведамі. — Беларусь з'яўляецца адной з 45 краін свету, якія не мяжуюць з морамі і акіянамі».

17. Там бывае горача і холадна

«Тэмпература ў Мінску апускаецца да -25 градусаў і ніжэй у зімовы перыяд, але можа дасягаць +35 градусаў летам».

Фота Сяргея Гудзіліна

18. Не лётае Ryanair

Акрамя Мінска, у Беларусі ёсць яшчэ некалькі буйных гарадоў, але ні аднаго з іх няма ў маршрутах Ryanair, шкадуюць брытанцы.

19. Яны любяць бульбу

«Бульбяныя бліны — дранікі — нацыянальная страва беларусаў».

20. Хакей у пашане

«Амаль гэтак жа, як і футбол».

21. Беларусь падарыла свету 5 нобелеўскіх лаўрэатаў

Беларусь можа ганарыцца не толькі Святланай Алексіевіч. Некалькі лаўрэатаў гэтай найпрэстыжнай міжнароднай прэміі маюць беларускія карані. У іх ліку Жарэс Алфёраў, Шымон Перэс, Менахем Бегін, Сайман Кузнец.

22. І World of Tanks

«Папулярная анлайн-гульня была распрацавана беларуска-кіпрскай кампаніяй Wargaming».

23. Яна зялёная

«Каля 43% тэрыторыі Беларусі пакрыта лясамі. Гэта больш, чым практычна ў любой краіне Еўропы. А мінскі батанічны сад плошчай 100 гектараў — адзін з найбуйнейшых у свеце».

Фота Сяргея Гудзіліна

24. Толькі адно золата ў Рыа

«Здымаем капялюшы перад батутыстам Уладзіславам Ганчаровым».

25. Яны п'юць бярозавы сок

«Бярозавы сок да гэтага часу выкарыстоўваецца ў Беларусі для лячэння разнастайных хвароб, у тым ліку лёгачных захворванняў і падагры», — запэўнівае The Telegraph.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?