Вынікі парлеменцкіх выбараў прызнаваць немагчыма, бо яны адбываліся непразрыста і недэмакратычна. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў прадстаўнік кампаніі «Права выбару» Дзяніс Садоўскі.

Па яго словах дэмакратычных актывістаў у складзе выбарчых камісій фактычна не было. Таксама фіксаваўся ціск на некаторых сябраў ініцыятыўных групаў, якія праводзілі збор подпісаў і агітацыю. З боку дзяржавы прысутнічала цэнзура падчас агітацыйнай кампаніі, падчас выступаў на тэлебачанні і ў дзяржаўных друкаваных СМІ. Праўладныя кандыдаты карысталіся большымі магчымасцямі, у тым ліку і адміністрацыйным рэсурсам.

Падчас датэрміновага галасавання найбольшай праблемай з’яўлялася фальсіфікацыя яўкі, заніжэнне спісавай колькасці выбарцаў на ўчастку, сцвярджаюць назіральнікі. У параўнанні з першым днём датэрміновага галасавання, спісавая колькасць выбаршчыкаў штучна змяншалася на 40-45% у дзень выбараў (каб павялічыць яўку). Таксама называецца «прымус да датэрміновага галасавання». Новай адметнасцю гэтых выбараў былі «каруселі». Яны выкарыстоўваліся, як падчас датэрміновага галасавання, так і падчас выбараў, кажуць прадстаўнікі «Права выбару».

Па словах Садоўскага, падчас найважнейшага этапа — падліка галасоў, не былі выкарыстаныя нават інструкцыі Цэнтрвыбаркаму. Назіральнікі не бачылі, як адбываўся падлік. І такога падліку галасоў, падчас якога б назіральнікі бачылі «птушачку» ў кожным бюлетэні і ў які стос ён кладзецца, на абсалютнай большасці ўчасткаў Беларусі не было.

«53 назіральнікі кампаніі «Права выбару» былі выдаленыя за ўвесь час датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў. Што з’яўляецца рэкордам для кампаніі «Права выбару». У 2015 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў выдалілі 36 назіральнікаў. Гэта рабілася для таго, каб ніхто не перашкаджаў фальсіфікаваць яўку і вынікі», — гаворыць Дзяніс Садоўскі.

Кампанія «Права выбару» падала 225 скаргаў падчас датэрміновага галасавання. А агулам, за ўвесь час назірання за парламенцкімі выбарамі — 768 скаргаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?