Адзіны расійскі авіяносец «Адмірал флоту Савецкага Саюза Кузняцоў» на чале групы меншых баявых і дапаможных караблёў расійскага ВМФ выправіўся з Баранцавага ў Міжземнае мора ў кастрычніку, маючы за мэту ўзбярэжжа Сірыі.
Акрамя сур'ёзнага ўзмацнення расійскіх сіл у выбухованебяспечным рэгіёне паход прыцягнуў увагу інтэрнэту незвычайна шчыльным і чорным дымам, які падымаецца з каміноў авіаносца.
Перад самым выхадам у далёкі шлях праз усю Еўропу «Адмірал Кузняцоў» прайшоў рамонт.
Карабель пабудаваны ў 1982—1991 гадах ва ўкраінскім Нікалаеве, а потым стаў часткай расійскага Паўночнага флоту. Водазмяшчэнне — больш за 60.000 тон, максімальная хуткасць — 29 вузлоў. Каманда — 1.980 чалавек.
«Кузняцоў», першы і адзіны савецкі паўнавартасны авіяносец (то бок карабель, які можа прымаць самалёты гарызантальнага ўзлёту і пасадкі з высокімі баявымі якасцямі), мае катлатурбінную сілавую ўстаноўку.
Дым, які стаў візітоўкай карабля ў гэтым месяцы і выклікаў шмат жартаў у інтэрнэце, стаў тэмай для абмеркавання экспертаў.
Хутчэй за ўсё, дым паднімаецца з-за спалучэння адразу некалькіх чыннікаў — гэта і старая мадэль сілавой устаноўкі, і яе дрэнны стан пасля 26 год эксплуатацыі, які выкліканы недастаткова якасным доглядам.
Карабель рамантаваўся амаль бесперапынна — у 1994—95, 1996—1998, 2001—2004, 2008, і вось перад самым выхадам у 2016 годзе.
«Кузняцоў» у 1991 годзе яшчэ не дыміў.
Да таго ж, паліва можа згараць не цалкам з-за таго, што механікі свядома паніжаюць тэмпературу ў старых катлах, каб не «спаліць» іх.
Калі з гэтай прычыны авіяносец не зможа ў баявых умовах даваць поўную хуткасць, самалёты не змогуць падымацца ў паветра з поўнай ракетна-бомбавай загрузкай.
«У карабля праблемная гісторыя, ён не надта надзейны і стары. Аднак, з другога боку, ён моцны. Ён не мае магчымасцяў амерыканскага авіяносца, аднак яго нельга неацэньваць», — адзначае эксперт Міжнароднага інстытута статэгічных даследаванняў Нік Чайлдс.