24 лістапада на дзяржаўным тэлеканале АНТ у эфіры перадачы «Наша раніца» выйшаў сюжэт «Стары Новы Мінск. Акупацыя». Яго гасцямі былі гісторык-архівіст Антон Рудак і культуролаг Сяргей Харэўскі. Цягам эфіру перадачы сюжэт паўтараўся некалькі разоў. Гэта дастаткова зручны час, бо дарослыя акурат збіраюцца на працу, а дзеці — у школу.

Сярод іншага была паднятая тэма выкарыстання ў гады нацысцкай акупацыі нацыянальных сімвалаў (журналістка так і сказала) — бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоня.

«Калі немцы не былі вельмі ўпэўненыя ў сваім поспеху на фронце пасля Курскай бітвы, пачынаецца спрыянне антысавецкім, калабарацыянісцкім арганізацыям. Ужо пачынаюць у публічнай прасторы выкарыстоўвацца бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня». Яны выкарыстоўваюцца да канца акупацыі, але выкарыстоўваюцца фактычна нелегальна, — кажа Антон Рудак. — Гэтыя сімвалы існавалі задоўга да прыходу нацыстаў. І ўкраінскі сцяг выкарыстоўваўся, і расійскі». У гэты час на экранах з’яўляецца калабарант з павязкай колераў расійскага трыкалора.

«Каго бачылі нашы людзі па ўсёй Беларусі з гэтымі адзнакамі — гэта былі якраз расійскія адзнакі. А беларуская нацыянальная сімволіка, якая ні да таго, ні пасля таго, ніколі не была афіцыйнай, лакальна выкарыстоўвалася некаторымі арганізацыямі — Саюзам беларускай моладзі. Гэта не значыць, што дарагія-шаноўныя расіяне павінны адмаўляцца ад сваіх сімвалаў», — адзначыў Сяргей Харэўскі.

У каментары для «НН» Сяргей Харэўскі сказаў, што сэнс ягоных словаў у эфіры АНТ не змянілі. «Я спачатку насцярожана паставіўся да прапановы пагутарыць пра нацыянальныя сімвалы ў час акупацыі на дзяржаўным тэлебачанні, але, калі пачуў словы вядучага «Беларусь-1» Бачкова аб тым, што бчб і Пагоня наша супольная спадчына, то я зразумеў, што гэта звёны аднаго ланцуга», — мяркуе спадар Харэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?