Апазыцыя заклікала сёньня а 18 гадзіне выйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску на знак салідарнасьці з затрыманымі актывістамі дэмакратычнага руху па справе выбуху 4 ліпеня.
Наша карэспандэнтка перадала зь месца падзеі ў 18.12.
«У гэты момант адбываецца зачыстка. Як толькі на плошчы пачалі зьбірацца людзі, туды адразу прыбегла каля 50 байцоў спэцназу міліцыі. Яны абкружылі натоўп і пачалі выціскаць людзей з Кастрычніцкай плошчы ў бок Палацу рэспублікі. На гэты момант людзей выціснулі з плошчы, яны знаходзяцца за будынкам палацу. Ёсьць людзі, якія правакуюць удзельнікаў пратэсту, яны крычаць, што Лукашэнка правільна робіць, што душыць апазыцыю.
Натоўп людзей суправаджаюць у бок рэчкі, да вуліцы Янкі Купалы. Мы чулі па рацыі, як камандзір роты сказаў: «Усіх вядзем у бок «Журавінкі».
Колькасьць удзельнікаў пратэсту налічвае 30‑50 чалавек. Але тыя, хто спазьніўся, апынуліся па‑за ачапленьнем спэцназу, яны ідуць за натоўпам і і кажуць: «Мы цяпер можам правесьці акцыю».
Сярод тых, каго выціскаюць у бок «Журавінкі» — Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Віктар Івашкевіч, а таксама моладзь — студэнты і прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацыяў».
18:45 Удзельнікаў акцыі давялі ўжо да "Журавінкі" і гоняць у бок Камароўкі. Спэцназаўцы кінулі на зямлю Анатоля Лябедзьку, палітык доўга ляжаў і ня мог ўзьняцца.
Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч