Міністр абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч назірае вучэнні. Фота ПАП.

Міністр абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч назірае вучэнні. Фота ПАП.

Размяшчэнне войскаў ЗША і НАТА ў Польшчы падводзіць рысу пад дамінацыяй Расіі ў Цэнтральнай Еўропе, заявіў міністр абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч.

Вайскоўцы ЗША прыбываюць у Польшчу ў рамках аперацыі «Атлантычная рашучасць» (Atlantic Resolve), брыгада прабудзе ў краіне дзевяць месяцаў. Ратацыі маюць адбывацца так, каб не было перапынкаў, і ў рэгіёне на пастаяннай аснове знаходзіліся амерыканскія сілы.

У склад брыгаднай баявой групы ўваходзяць каля 3500 вайскоўцаў, 87 танкаў, 18 самаходных гаўбіц Paladin, больш за 400 аўтамабіляў Humwee, а таксама 144 БМП Bradley.

Тэхніку разгрузілі ў нямецкім горадзе Брэмергафэн.

«Ялта скончылася. Гадамі пасля 1989 году мы павінны былі думаць і ўлічваць, ці не накладуць рускія вета на тое ці іншае дзеянне, ці можам мы рабіць тое, што добра для народа, — усё гэта скончылася. Расійскае вета на тэрыторыі Цэнтральнай Еўропы, у Польшчы раз і назаўсёды скончылася», — заявіў Мацярэвіч у эфіры Польскага тэлебачання.

Паводле яго слоў, абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і намінаваныя на высокія пасады амерыканскія палітыкі ведаюць Расію і «ведаюць, што яна з'яўляецца пагрозай», таму змены стаўлення да Расіі ў бліжэйшы час чакаць не варта.

Мацярэвіч таксама сказаў, што Масква нервова ўспрымае размяшчэнне вайскоўцаў НАТА, бо разумее стратэгічнае значэнне такога кроку.

«Гэтыя словы выказваюць як страх, так і вялікае расчараванне, што завяршаецца этап дамінавання спачатку савецкага, а цяпер расейскага, над Цэнтральнай Еўропай. А менавіта над ключом ад Еўропы, якім з'яўляецца Польшча. Трэба разумець, і нашы амерыканскія саюзнікі гэта ведаюць, і менавіта таму ў Польшчы будзе знаходзіцца камандаванне танкавай брыгады і сіл НАТА, што Польшча з'яўляецца ключом ад Еўропы. з'яўляецца той тэрыторыяй, якая дзеля свайго памеру, колькасці насельніцтва і гатоўнасці да абароны і памеру арміі … будзе мець ключавое значэнне для стрымання ці нестрымання магчымага расійскага нападу», — сказаў міністр абароны Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0