«Вельмі ганаруся тым, што мы ратыфікавалі дамову аб стварэнні СНД», — заявіў БелаПАН спікер Вярхоўнага Савета 12-га склікання ў 1991—1994 гадах Станіслаў Шушкевіч, каментуючы абвінавачванні з боку Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі 3 лютага час «Вялікай размовы з прэзідэнтам».

Лукашэнка назваў Шушкевіча «шулерам», які нібыта падманным шляхам правёў праз парламент гэты дакумент, пахаваў СССР.

«Гэта добра, што ён памятае. Можа, ён яшчэ зноў сказаў, што галасаваў супраць? Не ведаю, ці быў ён на тым пасяджэнні, але ў галасаванні ён не ўдзельнічаў», - сказаў Шушкевіч.

Паводле яго слоў, тады парламент прыняў вельмі мудрае рашэнне, ратыфікаваўшы дагавор аб стварэнні СНД. «Я нядаўна вярнуўся з вялікай заакіянскай універсітэцкай паездкі. Меркаванне аўтарытэтных палітолагаў: 25 гадоў таму мы прадухілілі страшную грамадзянскую вайну. Мы, вядома, тады пра гэта не думалі, але я ведаў, што для Беларусі гэтая дамова - дабро. Я ім ганарыўся, бо ўпершыню за 200 гадоў Расія подпісам Ельцына прызнала незалежнасць Беларусі. Потым расійская палітыка вярнулася на імперскія рэйкі, але было ўжо позна», — заявіў экс-спікер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0