Намеснік старшыні Дацкай народнай партыі Серэн Эсперсен заявіў аб жаданні вярнуць нямецкі Шлезвіг Даніі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю каналу DK4, паведамляе «ЕўраПраўда» са спасылкай на Abendblatt.

«Мы хацелі б, каб Данія распасціралася да Айдэра (рака на поўначы Германіі), але, вядома ж, гэта павінна быць ініцыятыва дацкай меншасці», — заявіў Эсперсен.

Айдэр падзяляе федэральную зямлю Шлезвіг-Гальштэйн. На працягу некалькіх стагоддзяў тэрыторыя ўваходзіла ў склад Даніі.

«Чаму мы не павінны гэтага хацець? Я пра гэта мару і на гэта спадзяюся», — заявіў палітык.

Дацкая народная партыя з'яўляецца другой па велічыні парламенцкай партыяй у Даніі і на працягу многіх гадоў — партнёрам ва ўрадзе меншасці. У апошні час яе падтрымка паменшала, аднак яна складае 15%.

Дацкая меншасць у Германіі складае 100 тысяч чалавек. Самая вялікая група жыве ў Шлезвігу і складае 42 тысячы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?