Увечары 3 чэрвеня белы фургон, які ехаў па Лонданскім мосце, заехаў на тратуар і пачаў душыць людзей. Адразу пасля гэтага паліцыя атрымала паведамленні аб людзях, якія атрымалі нажавыя раненні побач з рынкам Баро — ён размешчаны непадалёк ад Лонданскага моста. Па словах відавочцаў, людзі з нажамі выйшлі менавіта з фургона. Паліцыя расцаніла здарэнне як тэрарыстычны акт.

Загінулі сем чалавек, 48 параненых шпіталізаваныя.

Трое нападнікаў забітыя. На іх былі надзетыя муляжы выбуховых прылад.

Ніякай інфармацыі пра асобы нападнікаў паліцыя пакуль не раскрывае.

Адказнасць за тэракт пакуль ніхто на сябе не ўзяў.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй выказала падзяку паліцыі і экстраным службам, якія працуюць на месцы здарэння.

«Нашы думкі з тымі, хто аказаўся міжвольным удзельнікам гэтых страшных падзей», — адзначыла яна.

«Мы яшчэ не ведаем усіх дэталяў, але гэта была наўмысная і подлая атака на нявінных лонданцаў і гасцей горада, якія атрымлівалі асалоду ад суботняга вечара», — сказаў мэр Лондана Садзік Хан.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сказаў, што: «Злучаныя Штаты зробяць усё, каб дапамагчы Лондану і Злучанаму Каралеўству. Мы з вамі. Беражы вас Бог!» — напісаў ён у сваім Twitter.

Міністэрства замежных спраў Беларусі ўдакладняе, ці ёсць беларусы сярод пацярпелых падчас тэрактаў у Лондане, адпаведная інфармацыя размешчана ў твітар-акаўнце МЗС.

«МЗС і пасольства ў кантакце з уладамі Вялікабрытаніі адсочваюць сітуацыю і ўдакладняюць, ці былі сярод пацярпелых грамадзяне Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні.

Грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Вялікабрытаніі, просяць звязацца з роднымі ў Беларусі, выконваць указанні ўладаў і пазбягаць месцаў масавага збору людзей.

Таксама МЗС рашуча асудзіў тэракт і выказаў спачуванні пацярпелым і іх блізкім.

Па свежых слядах брытанская паліцыя затрымала 12 чалавек па падазрэнні ў дачыненні да тэракту. Пра гэта паведамляецца ў паліцэйскім мікраблогу ў Twitter.

Гэта ўжо трэці тэрарыстычны акт у Вялікабрытаніі за апошнія месяцы. 22 сакавіка машына наехала на мінакоў на Вестмінстэрскім мосце, пасля чаго кіроўца з нажом напаў на паліцэйскага ля будынка парламента; загінулі пяць чалавек. Нападнік быў застрэлены паліцыяй.

22 траўня адразу пасля канцэрту Арыяны Грандэ ў Манчэстэры адбыўся выбух, зладжаны смяротнікам; загінулі 22 чалавекі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0