Галоўнае для Польшчы ў пытанні Беларускай атамнай электрастанцыі - яе бяспека. І гэта не палітызацыя пытання, а клопат пра радыеактыўную бяспеку ў нашым рэгіёне. Гэтак жа, як і ў адмове Польшчы набываць электраэнергію з БелАЭС няма ніякай палітыкі, а толькі эканоміка. Пра гэта заявіў Еўрарадыё Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік.

«Польшча зацікаўленая ў тым, каб усе, калі ёсць такія, непаразуменні, звязаныя з будаўніцтвам Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, былі спакойна высветленыя і прапрацаваныя. Для нас самае галоўнае пытанне - пытанне бяспекі. Але мы ні ў якай ступені, і я гэта падкрэсліваю, не зацікаўленыя ў палітызацыі гэтага пытання. Што тычыцца набыцця электраэнергіі з Астраўца Рэспублікай Польшча, то на дадзены момант мы ў такім імпарце не зацікаўленыя, не маем у ім патрэбы. У нас ёсць свае рэсурсы, з якіх мы вырабляем электраэнергію, найперш гэта буры і каменны вугаль. Таму, у плане электраэнергіі Польшча самазабяспечаная. Наша краіна імпартуе мінімальную колькасць электраэнергіі, калі ўвогуле імпартуе. Беларусі бок пра гэта ведае і, як мне падаецца, разумее», — сказаў сп. Паўлік.

***

Нагадаем, днямі міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што яго дзяржава не будзе купляць электраэнергію з БелАЭС. Са свайго боку беларускі МЗС падкрэслівае, што прэтэнзій або сумневаў наконт бяспекі БелАЭС палякі не выказвалі ні на двухбаковым узроўні, ні ў межах існуючых міжнародных фарматаў. Беларускія дыпламаты выказваюць здзіўленне, што міністр Вашчыкоўскі заявіў, быццам электраэнергію з БелАЭС не будуць купляць у сувязі з «небяспечным тэхналогіямі», бо Польшча сама разглядае магчымасць развіваць ядзерную энергетыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0