Надзвычайная актыўнасьць «незалежных» мэдыйных арганізацый з выразнай пракрамлёўскай арыентацыяй вымагае яснай рэакцыі ды яснай цвёрдай пазіцыі ўсіх сілаў, што выступаюць супраць захавання ды ўзмацнення ўплываў Крамля ў Беларусі.

Пракрамлёўскія псеўда-СМІ ды псеўдаграмадскія арганізацыі ў Беларусі імкнуцца на першым этапе дзейнічаць вельмі акуратна, дэманструючы адкрытасць, канструктыўнасць ды гатоўнасць да супрацоўніцтва. Маўляў, мы стаім на розных пазіцыях, але мы за тое, каб і вашая пазіцыя таксама прагучала. Мы дадзім вам трыбуну, прыходзьце, дыскутуйце, будзем разам шукаць найлепшыя рашэнні. Гучыць прыгожа, сумленна ды шчыра, хіба не?

А цяпер давайце ўключым логіку. Спадзяюся, нікога тут не трэба пераконваць, што супраць беларускага грамадства (як і супраць шмат якіх грамадстваў, асабліва ў Цэнтральнай ды Усходняй Еўропе) Крэмль вядзе інфармацыйную вайну. І ўсе гэтыя пракрамлёўскія арганізацыі ў Беларусі — гэта перадусім СРОДКІ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ВАЙНЫ. І толькі з гэтай перспектывы трэба іх разглядаць. Відавочна, усе гэтыя арганізацыі ствараюцца не дзеля таго, каб пашыраць плюралізм у беларускім грамадстве і тым болей не дзеля таго, каб даць трыбуну прадстаўнікам нацыянальна-кансерватыўных сілаў або ліберальных поглядаў у Беларусі.

Яны ствараюцца выключна дзеля прасоўваньня ідэяў ды ўстановак крамлёўскай прапаганды ў Беларусі. І палітычныя апаненты ім патрэбныя як паветра. Але толькі дзеля таго, каб раскруціцца за іх кошт ды стварыць сабе рэпутацыю незалежных ды аб’ектыўных, каб пасля больш эфектыўна дурыць галовы беларусам.

Таму не спрабуйце гуляць у плюралізм ды канструктыўнасць з тымі, хто вядзе супраць вас і супраць вашага грамадства інфармацыйную вайну. Проста кажыце ім «не». Заўсёды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?