Between nothingness and eternity: перакладчык Ян Максімюк апісаў сваё 60-годдзе дасціпным тэкстам
Вось як Ян Максімюк, перакладчык «Уліса» на беларускую, сам апісаў дзень свайго 60-годдзя ў сваім фэйсбуку:
«На досьвітку, недзе а чацьвёртай, за акном пачынае сьпяваць салавей. І сьпявае прыблізна да 6-й, калі табе трэба падымацца. Варочаючыся то на левы, то на правы бок і спрабуючы падрамаць, слухаеш гэты канцэрт то адным, то другім вухам. Бальзам для душы, як флейтавыя пасажы Тыйса ван Лера ў альбомах Moving Waves i Focus III. Хаця б для самых гэтых травеньскіх канцэртаў варта было перабрацца 10 гадоў таму з Прагі ў нашу вёску.
Потым штодзённы рытуал, у якім ужо штораз часьцей забываеш выконваць некаторыя элемэнты: пачысьціць зубы; глынуць таблетку (лёс пакуль што міласьцівіцца, і ў свае 60 ты ясі толькі адну таблетку на дзень); запытацца ў дачкі, ці ўжо прачнулася; сысьці наніз; падняць шторы; наліць вады ў непачышчаныя і заскарузлыя пасьля вячэры місачкі для катоў; выпіць лыжку алівы зь некалькімі кроплямі лімону (народная засьцярога ад таго, каб не заводзіліся камяні ў нырках); пакінуць на стале 200 каронаў на школьны абед для дачкі, якая пойдзе на аўтобусны прыпынак, пакуль ты будзеш хадзіць з сабакам; выйсьці з Рубінам на ранішнюю прагулку; не забыцца павітацца з усімі знаёмымі і незнаёмымі вяскоўцамі, якія таксама выйшлі са сваімі сабакамі; вярнуцца дахаты; пакарміць Рубіна, Рамзэса і Піліпку, папярэдне прапаласкаўшы ім місачкі; згатаваць сабе каву; уключыць ноўтбук; напісаць фэйсбучны пост у Толькі пра літаратуру; калі гэта панядзелак або чацьвер, запосьціць чарговую падляскую прымаўку на фэйсбучную старонку Svoja.org; паадчыняць старонкі Свабоды ў сацыяльных сетках і паглядзець, хто з «рускамірцаў» абазваў цябе «уродам» і «польскім холуем» у камэнтах гэтым разам; запытацца ў жонкі, ці згатаваць ёй каву; згатаваць каву; бывае, занесьці ў спальню… Прама-такі падляскае пераўвасабленьне ранішніх Молі і Леапольда Блюмаў, з ныркай, катамі і кавай у пасьцель (праўда, у Джойса там гарбата) ;) А потым на працу…
Учора было парушэньне гэтага рытуалу, бо ўжо з самай раніцы фэйсбучныя знаёмыя і сябры віншавалі мяне з 60-годзьдзем, і я, у гэтым рытуальным кругавароце штодзённасьці, раз-пораз заглядваў у ноўтбук і дзякаваў за віншаваньні… Дасьведчаныя людзі кажуць — хто дзякуе ў фэйсбуку на працягу дзьвюх хвілінаў ад моманту, калі табе аказалі ласку, той насамрэч двойчы дзякуе :) Я, зразумела, не ва ўсіх выпадках пасьпяваў зьмясьціцца ў гэтых часавых парамэтрах, таму сёньня падзякую яшчэ раз — дзякую, дарагія, гэта быў цудоўны дзень для мяне ў маім дабраахвотным чэскім выгнаньні…
Ну вось так неяк плывеш уперад. Between nothingness and eternity…»
* * *
Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да віншаванняў. Каб вам, спадару Максімюк, і пісалася, і рабілася.
Каментары