Кіраўнік аналітычнага цэнтру ЕсооМ Сяргей Мусіенка заклікае зрабіць сур’ёзныя высновы з газавага канфлікту Расіі і Ўкраіны. Ён вінаваціць урад у тарпедаванні праекту энергетычнага маста Ўкраіна‑Беларусь‑Літва.

Беларусь абавязана зрабіць сур’ёзныя высновы з газавага канфлікту Расіі і Ўкраіны, заявіў кіраўнік аналітычнага цэнтру ЕсооМ Сяргей Мусіенка. Ацэнкі Мусіенкі распаўсюдзіла лукашэнкаўскае агенцтва «Інтэрфакс‑Захад».

Галоўнай прычынай канфлікту ёсць імкненне Масквы пераканаць Захад у патрэбе пабудовы газаправоду «Nord Stream» і заадно вырашыць іншыя «тактычныя» пытанні, мяркуе ён.

На думку С.Мусіенкі, праблема вырашаецца Расіяй «з дапамогай сілавога ціску, цынічнага й жорсткага». Дзеянні расійскага боку скіраваны на тое, каб збунтаваць грамадскую думку ў Еўропе, але Расія робіць сабе мядзведжую паслугу, бо ў Еўропе бачаць круцяля.

Кіраўнік ЕсооМ назваў дзеянні «Газпрому» «спланаванай акцыяй па прымусе краінаў ЕС дазволіць пракладку трубы па дне Балтыйскага мора»
. Ён крытыкуе ідэю «Норд Стрыму»

С.Мусіенка не выключае паўтору газавага канфлікту, толькі ўжо з Беларуссю. «Мы сутыкнёмся з такім сама жорсткім прэсінгам», — прагназуе ён. «Узнікае толькі пытанне: ці будуць нас спрабаваць так бараніць у Еўропе, як Украіну?» – задаецца пытаннем ён.

Мусіенка лічыць, што «Беларусі трэба рабіць сур’ёзныя высновы і дзейнічаць вельмі хутка; тыя, у каго складанасці з сумленнем, думаюць зусім іншымі катэгорыямі: рубільнік і вентыль».

Мусіенка лічыць патрэбным змяншэнне спажывання газу і «рэальныя праекты па альтэрнатыўнай энергетыцы, а не міфічныя энергазберагальныя тэхналогіі, якія толькі ствараюць карупцыйныя схемы».

Таксама

Мусіенка ў жорсткіх выразах звяртае ўвагу на «сарваны ўрадам Беларусі праект па транзіце і куплі за беларускія рублі ўкраінскай электраэнергіі».

Для таго, каб запусціць энергамост з Украінай, няма ніякіх тэхнічных перашкодаў, кажа ён і дадае: у дадзеным праекце вельмі зацікаўленая і Літва. З ягоных словаў, Украіна, маючы лішкі электраэнергіі, можа пастаўляць яе столькі, колькі трэба.

«Вось дзе трэба знаходзіць інвестыцыі, а не ездзіць безвынікова ў Лондан [«Інтэрфакс» у дужках тлумачыць для неразумных — на інвестыцыйны форум] і плаціць за тое расейскай кансалтынгавай фірме», —
недвухсэнсоўна кідае Мусіенка абвінавачванні на адрас Сідорскага. У лукашэнкаўскіх СМІ крытыка амаль ніколі не бывае выпадковай.

Мусіенка працягвае: «Узнікае пытанне: чаму блакуюцца эканамічна выгадныя праекты?

Мова ідзе пра нейкая карупцыйныя схемы, лабіраванне чыіхсьці інтарэсаў, але ж гэта не проста недальнабачнасць беларускага ўраду?», —
рытарычна пытаецца ён.

«Партнёры ў Еўрасаюзе пакуль бачаць, што беларусы не могуць вырашыць пытанне, якое нічога для нас не каштуе, а пранесла б істотны даход», — падсумоўвае С.Мусіенка і ствараецца ўражанне, што ягоным голасам гаворыць сп. Макей.

Сяргей Мусіенка – аналітык, блізкі да Адміністрацыі прэзідэнта. Ён стаў вядомы сваімі «экзіт‑поламі», якія дакладна прагназавалі вынік, што пазней абвяшчаўся Лідзіяй Ярмошынай. Прычым лічбы абвяшчаліся самым ранкам у дзень галасавання.

Крытыка Мусіенкам ураду можа азначаць жаданне групы Віктара Лукашэнкі ўвесці чыноўнікаў малодшага пакалення таксама на шэраг пасадаў у Саўміне.
А заадно спісаць на Сідорскага віну за эканамічны крызіс.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?