Максім Скавыш (у сінім) рвецца да брамаў «Смаргоні». Фота з сайту ФК БАТЭ

Максім Скавыш (у сінім) рвецца да брамаў «Смаргоні». Фота з сайту ФК БАТЭ

Трэці тур чэмпіянату Беларусі па футболе адзначыўся тым, што БАТЭ заняў звыклае для сябе першае месца ў турнірнай табліцы.

Гульня барысаўцаў яшчэ не асабліва ўражвае, аднак каманда ідзе ў правільным накірунку. У суботу была пераможаная «Смаргонь» — 2:0. Галоўным героем матчу стаў малады форвард Максім Скавыш, які выйшаў на замену ў другім тайме. Спачатку пасля ўдару Скавыша мяч у вароты дабіў Сяргей Крывец, а потым Максім вывеў на ўдарную пазіцыю Віталя Булыгу. БАТЭ пунктаў яшчэ не губляў.

Затое першую паразу ў чэмпіянаце пацярпеў МТЗ‑РІПА. У цэнтральным матчы туру ў Салігорску «трактаразаводцы» прайгралі «Шахцёру». Адзіны гол забіў Грэнькоў.

Яшчэ адзін лідэр жодзінскае «Тарпеда» з такім самым мінімальным лікам прайграла «Нафтану». Мяч у сетку жодзінцаў забіў цёзка першага прэзідэнта СССР Міхаіл Гарбачоў.

«Дынамаўскае» дэрбі скончылася перамогай мінчан — 2:0. Прычым лік жыхары сталіцы адкрылі ўжо на дзесятай секундзе. Пасля размашыстай атакі адзначыўся Антон Пуціла.

Па‑ранейшаму не могуць набраць пунктаў «Граніт» і «Мінск». Мікашэвічцы прайгралі ў Пінску «Гомелю» — 0:2. А «гараджане» на апошніх хвілінах прапусцілі ад «Нёмана» — 1:2.

Нечакана напрыканцы турнірнай табліцы знаходзіцца «Віцебск». На гэты раз каманда Аляксандра Хацкевіча саступіла «Дняпру» — 0:1.

Пасля трох тураў турнірная табліца выглядае наступным чынам:

БАТЭ — 9 пунктаў, «Дынама» (Мінск) — 7, МТЗ‑РІПА, «Тарпэда», «Нёман», «Дняпро» — па 6 пунктаў, «Шахцёр» — 5, «Дынама» (Брэст), «Гомель», «Нафтан» — па 4, «Віцебск», «Смаргонь» — па 1, «Мінск», «Граніт» — па 0.

Найлепшы бамбардзір Мікалай Рындзюк (МТЗ‑РІПА) — 4 галы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?