Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус заклікаў беларускія ўлады вызваліць затрыманых супрацоўнікаў мінскага офіса амерыканскай кампаніі PandaDoc. Пра гэта ён напісаў у Twitter.

«Нядаўнія атакі на беларускі ІТ-сектар — гэта ганьба. Заклікаю неадкладна вызваліць незаконна затрыманых», — гаворыцца ў тэксце.

У офісе PandaDoc 2 верасня прайшлі ператрусы, чатырох супрацоўнікаў затрымалі і завялі на іх крымінальную справу па ч. 4 арт. 210 КК Беларусі. Пад арыштам знаходзяцца галоўны бухгалтар Юлія Шардыка, дырэктар філіяла Дзмітрый Рабцэвіч, дырэктар па прадукце Віктар Куўшынаў і супрацоўнік аддзела кадраў Уладзіслаў Міхалап.

Па паведамленні кампаніі, яе супрацоўнікі абвінавачваюцца ў тым, што як група асоб, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, яны завалодалі грашовымі сродкамі ў памеры каля 107 тыс. рублёў з бюджэту, прычыніўшы тым самым шкоду дзяржаве. 

У PandaDoc ўпэўненыя, што затрыманыя супрацоўнікі сталі ахвярай «палітычнага заказу» з-за ініцыятывы аднаго з заснавальнікаў кампаніі Мікіты Мікады, які заклікаў дапамагаць звольненым сілавікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0