Камітэту дзяржкантролю загадана займацца пытаннямі ўласнасці і расходаваннем мэтавых бюджэтных сродкаў.
У Беларусі ствараецца прынцыпова новая сістэма ажыццяўлення кантрольнай дзейнасці. Аляксандр Лукашэнка 12 кастрычніка правёў нараду па гэтым пытанні.
Праект указа аб кантрольнай дзейнасці пакліканы забяспечыць істотнае скарачэнне колькасці праверак і стварыць такую сістэму кантролю, якая не душыла б бізнэс.
«Размова ідзе аб навядзенні парадку ў сферы дзяржаўнага кантролю і нагляду, аб радыкальным змяненні сітуацыі ў гэтай галіне», ‑‑ сказаў А.Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ ў яго перадвыбарнай праграме была абазначана неабходнасць змясціць акцэнты з адміністрацыйных метадаў суцэльнага кантролю на эканамічныя меры рэгулявання для стварэння спрыяльных умоў гаспадарання ў Беларусі.
«Гэта тэма наколькі важная, настолькі і складаная ў рэгуляванні. Яна закранае спектр розных інтарэсаў. Па‑першае, бізнес‑супольнасць, паколькі аказвае непасрэдны ўплыў на развіццё дзелавой ініцыятывы. Па‑другое, дзяржаву, для якой праверкі з’яўляюцца асноўнай формай забеспячэння правапарадку ў эканамічнай дзейнасці. І, нарэшце, вельмі цесна звязана з праблемай карупцыі ‑‑ можа як правакаваць яе, так і спыняць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Праект указа больш як паўгода распрацоўваўся ўрадам і кантралюючымі органамі, але як падкрэсліў А.Лукашэнка, «на выхадзе аказаўся нікудышнім, абсалютна не адпаведным пастаўленым задачам». Адміністрацыі Прэзідэнта было даручана кардынальна дапрацавацьпадрыхтаваныя дакументы, зрабіць іх адпаведнымі сучасным патрабаванням.
Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Новы праект указа павінен забяспечыць менавіта значнае скарачэнне колькасці праверак».
Так, напрыклад, у мінулым годзе было праведзена больш за 95 тыс. праверак. Гэта значыць кожны трэці суб’ект гаспадарання ў Беларусі прайшоў праз гэту працэдуру. У гэтых мерапрыемствах было задзейнічана 28 тыс. правяраючых.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «няма чаго наогул правяраць, калі няма аргументаваных прэтэнзій». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Камітэт дзяржкантролю, па‑першае, павінен займацца пытаннямі ўласнасці, а па‑другое, дакладна сачыць за расходаваннем, перш за ўсё мэтавых бюджэтных сродкаў.
Распрацаваны праект указа рэгламентуе адзіны парадак ажыццяўлення кантрольнай і нагляднай дзейнасці ў Беларусі. Дакумент стварае прынцыпова новую сістэму ажыццяўлення такой дзейнасці, фарміруе гнуткі і празрысты механізм кантролю. Ён змяшчае пералік усіх кантралюючых органаў, прадугледжвае адзіны парадак і тэрміны праверак, забарону на правядзенне любых праверак на працягу двух першых гадоў работы наваствораных суб’ектаў гаспадарання (у выключных выпадках дапускаюцца пазапланавыя праверкі), ажыццяўленне планавых праверак у залежнасці ад груп рызыкі (усяго тры групы), на якія будуць падзелены суб’екты гаспадарання, і іншыя новаўвядзенні.
Намеснік прэм’ер‑міністра Беларусі Андрэй Кабякоў паведаміў, што па асобных пытаннях ёсць разыходжанні з прапановамі Нацыянальнага банка і Камітэта дзяржкантролю.
У прыватнасці, Нацыянальны банк прапанаваў не распаўсюджваць палажэнні праекта ўказа на праверкі, што праводзяцца ў рамках банкаўскага нагляду. На думку старшыні праўлення Нацбанка Пятра Пракаповіча, гэта непасрэдна звязана з пытаннем незалежнасці Нацыянальнага банка, што з’яўляецца немалаважнай умовай у рабоце з Міжнародным валютным фондам, Сусветным банкам. Аднак у праекце ўказа ў поўнай меры ўлічана спецыфіка ажыццяўлення функцый банкаўскага нагляду. Усе нормы, якія датычацца кантролю банкаў, выкладзены ў рэдакцыі Нацыянальнага банка.
Аляксандр Лукашэнка не згадзіўся з прапановай Нацбанка.«Усё, што прапісана ва ўказе адносна банкаў, Захад павінен падтрымаць, бо мы спрабуем тут не кіраваць банкамі, а зберагчы банкаўскую сістэму, у тым ліку і тыя грошы, якія нам выдзяляюць. Гэта значыць мы ахоўваем банкаўскую сістэму. Але калі ёсць магчымасць зрабіць гэта больш акуратна, гэта трэба зрабіць больш акуратна», — лічыць А.Лукашэнка.
Міжнародныя фінансавыя інстытуты павінны быць праінфармаваны аб новай сістэме кантролю. А.Лукашэнка упэўнены, што ў гэтым выпадку пазіцыя беларускага боку будзе прынятая.
Кіраўнікі шэрага банкаў, якія прысутнічалі на нарадзе, адобрылі праект указа. У прыватнасці, старшыня праўлення ААТ «Белаграпрамбанк» Сяргей Румас адзначыў, што ў гэтым дакуменце «ўпершыню прапісаны правы правяраных», — сказаў ён.