Стрымера і галоўнага рэдактара ixbt.games Віталя Казунова арыштавалі на 10 сутак
Пра пакаранне 10 суткамі паведаміў канал сілавікоў. Артыкул, па якім арыштаваны блогер, не называецца.
Пра затрыманне Казунова стала вядома 18 сакавіка. На міліцэйскім відэа ён распавёў, што ў 2020 годзе ў фэйсбуку паставіў аватарку з бел-чырвона-белым сцягам. У 2017 годзе ён апублікаваў фатаграфію з цемнаскурай дзяўчынай у нацысцкай форме.
Сёння канал сілавікоў напісаў, што яны «адэкватна ацэньваюць дзейнасць блогера, улічваюць тэрміны даўніны і кантэкст публікацыі, не накіраваны на прапаганду нацызму», таму Казуноў «можа быць вызвалены ад адказнасці за свастыку».
Паводле сілавікоў, Казуноў «больш не гуляе ў БЧБ-гульні», але «любое раскаянне лепш падмацоўваецца пакараннем у 10 сутак», — напісалі сілавікі ў канале.
Віталь Казуноў — стрымер на ютуб-канале з аглядамі гульняў і галоўны рэдактар сайта ixbt.games. На канал падпісана 469 тысяч чалавек.
Каментары