Аляксандр Фрыдман

Аляксандр Фрыдман

«Преступление и наказание» мяне так не кранала, як творы блізкага мне па духу Змітрака Бядулі

— Мая асабістая гісторыя вельмі простая. Я вучыўся ў мінскай школе, уся мая школьная адукацыя прайшла ў Беларусі ў другой палове 80-х — першай палове 90-х. Пасля я скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, а гістфак заўсёды быў беларускім асяродкам, прынамсі, у мае часы.

У Беларусі я заспеў яшчэ першую палову 90-х, калі парасткі беларускасці прабіваліся праз савецкі асфальт на маіх вачах. Я вельмі любіў гісторыю Беларусі, якая натуральна выкладалася па-беларуску, і ўвогуле я многа займаўся гісторыяй яшчэ да паступлення на гістфак. А пазней гісторыя стала маёй прафесіяй.

Як мне падаецца, я даволі добра ведаю беларускую літаратуру, больш класічную, і менш — сучасную. Напэўна, Васіля Быкава я прачытаў усяго, знаёмы з творчасцю Уладзіміра Караткевіча. Я чытаў усё, што мы праходзілі школьнай праграме: я знаёмы з творчасцю і Купалы, і Коласа, і Багдановіча.

Я любіў беларускую літаратуру больш, чым рускую, яна была бліжэйшая для мяне. Бо тыя адвечныя «расійскія пытанні», якія ставіць руская літаратура, мяне асабліва не краналі, хаця я чытаў многае. Ну не кранала мяне «Преступление и наказание» так, як творы блізкага мне па духу Змітрака Бядулі.

На мяне таксама моцна паўплываў (ужо ў другой палове 90-х) яшчэ адзін фактар. Усё, звязанае з Лукашэнкам, ад самага прыходу яго да ўлады ў 1994 годзе (мне тады было 15 гадоў) мне надзвычай не падабалася: выкараненне, пераслед усяго беларускага, змаганне з нацыянальным, хутчэй, наадварот, толькі ўзмацніла маю цікавасць да беларускага.

Але пры гэтым трэба падкрэсліць два важныя моманты. Я, як вядома, не з’яўляюся этнічным беларусам. Мой погляд на беларускае, у тым ліку і ў 90-я гады, усё ж быў вонкавым: беларушчына мне падабалася, я гэтым займаўся. Але беларускі кантэкст — культурны і моўны, — быў не галоўным, у якім я варыўся. Я заўсёды цікавіўся яўрэйскай гісторыяй, яўрэйскай традыцыяй, я па магчымасці ўдзельнічаў у яўрэйскім жыцці 90-х гадоў у Беларусі. То-бок беларуская кампанента для мяне важная, але я б не назваў яе дамінантнай.

І яшчэ адна акалічнасць, якую варта адзначыць. У штодзённым жыцці я заўсёды быў рускамоўным чалавекам. Я ведаю людзей, нават яўрэйскага паходжання, якія ў 90-я гады цалкам пераходзілі на беларускую мову і карысталіся ёй штодня.

Я ведаю людзей, якія траплялі пад такі моцны ўплыў беларускага адраджэння сярэдзіны 90-х. Але я да іх не належу, бо ў сваім штодзённым жыцці — як беларускім, так і небеларускім жыцці, — карыстаўся ў значнай ступені рускай мовай. Я чалавек рускамоўны, які ў прафесійным жыцці выкарыстоўвае і іншыя мовы.

Я ў рознай ступені валодаю пяццю мовамі. Хаця слова валодаю досыць умоўнае: можна свабодна размаўляць на мовах, можна вольна карыстацца, а можна проста карыстацца ў прафесійнай дзейнасці. Больш за тое, размаўляць на побытавыя тэмы і весці навуковыя гутаркі — гэта дзве вялікія розніцы, як кажуць у Адэсе.

Акрамя таго, ёсць мовы, якія я ніколі не вывучаў, але на якіх я магу чытаць: я ніколі не вучыў польскую мову, але магу чытаць па-польску нават навуковыя тэксты, прынамсі, па гісторыі. Але я ніколі не скажу, што валодаю польскай мовай, хаця пасіўна яе разумею.

«Беларусь лічылася ці не адной з самых экзатычных краін у Еўропе»

— Я ніколі не парываў з беларускай мовай. Адна з маіх спецыялізацый — беларуская тэматыка. Я займаўся беларускімі тэмамі яшчэ тады, калі на Захадзе, у тым ліку і ў Германіі, яны ўспрымаліся як абсалютная экзотыка.

Стаўленне да беларускай праблематыкі кардынальна змянілася пасля 2020 года. Пасля 20-га года Беларусь сапраўды стала цікавай краінай, а людзей, якія распрацоўваюць беларускія тэмы, стала больш. Але да 2020 года кожны чалавек, які займаўся беларускай тэмай, лічыўся вялікім экзотам.

Перыферыйная, малазнаёмая краіна, у дадатак да ўсяго яшчэ і з рэпутацыяй апошняй дыктатуры Еўропы з дзіўнаватым Лукашэнкам, пра якога толькі расказваюць розныя гісторыі ды анекдоты. Беларусь лічылася ці не адной з самых экзатычных краін у Еўропе.

Усе гады майго жыцця ў Германіі я займаўся беларускай тэматыкай з рознай ступенню інтэнсіўнасці: у нулявыя гады, калі я пісаў сваю дысертацыю і рабіў навуковыя беларускія праекты — найбольш актыўна. І калі раптам выдаваўся вольны час, я мог узяць і перачытаць класікаў.

Мне найбольш падабаецца беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. Калі я нават займаўся праектамі, звязанымі з Другой сусветнай вайной, з нямецкай акупацыяй Беларусі, калі я хацеў атрымаць адчуванне эпохі, я чытаў Васіля Быкава або Алеся Адамовіча. Канешне, яны ўсе савецкія пісьменнікі: і Адамовіч савецкі пісьменнік, і Быкаў савецкі пісьменнік, — але ў іх усё-такі хапала нонканфармізму, што і вабіла мяне ў іх творчасці. І, вядома, Уладзімір Караткевіч — гэта класіка.

Яшчэ ў нулявыя гады я пісаў беларускія тэксты і яны час ад часу друкаваліся ў Беларусі, напрыклад, у часопісе Arche або ў «Беларускім гістарычным аглядзе» Генадзя Сагановіча. Тэксты я пісаў, але рэдка, што непазбежна паўплывала на якасць маёй пісьмовай беларускай мовы.

Акрамя таго, рэдка, але ўсё ж я ўдзельнічаў у навуковых канферэнцыях у Беларусі, таму я карыстаўся беларускай мовай. Але ў штодзённым жыцці я не размаўляў па-беларуску — проста не было з кім. Беларускамоўных людзей у тыя гады мне неяк не сустракалася, а асяродак, у якім я варыўся ў Беларусі, быў пераважна рускамоўным.

Недзе з сярэдзіны 2010-х гадоў беларускімі тэмамі я займаўся мінімальна, на ўзроўні хобі. Галоўныя беларускія праекты былі скончаныя, таму я займаўся тэмамі, не звязанымі з Беларуссю.

Я, напэўна, ніколі так інтэнсіўна не выкарыстоўваў беларускую мову, як пасля 20-га года. Цяпер я размаўляю шмат, амаль кожны дзень. Але беларуская мова для мяне працоўная, у штодзённым жыцці я не размаўляю на ёй.

Шчыра скажу: я не з тых людзей, хто імкнецца знаходзіцца ў беларускай прасторы ўвесь час. У мяне бываюць зусім розныя сітуацыі: бывае, вельмі хочацца пачытаць Караткевіча, бывалі часы, калі я чытаў пісьменнікаў, зусім не звязаных з беларускім кантэкстам.

Што важна разумець у маёй сітуацыі? Падтрымліваць сувязь з усім беларускім і з Беларуссю мне заўсёды было досыць лёгка, паколькі я займаюся беларускімі тэмамі. Мне было лягчэй — сумяшчаць прафесійны і асабісты інтарэс да беларускага. Калі б я быў медыкам ці інжынерам, які ў сваёй прафесіі абсалютна далёкі ад усяго беларускага, то гэта была б зусім другая гісторыя.

У мяне прагматычнае стаўленне да моў. Ёсць кантэксты, у якіх я мушу размаўляць па-беларуску, напрыклад, у публічнай прасторы. Бо я лічу патрэбным прасоўваць беларускую мову і паказваць іншым, што яна вартая таго, каб на ёй размаўляць.

Калі не жадаюць са мной размаўляць на беларускай мове і задаюць пытанне, на якой мове будзем размаўляць, для мяне гэта не прынцыповае пытанне: я размаўляю на той мове, на якой ім зручней (калі я валодаю ёй). Хочуць размаўляць на нямецкай — будзем па-нямецку, хочуць па-беларуску — будзем на беларускай, калі чалавеку прасцей размаўляць на рускай мове — гаворым на рускай.

Моўная катастрофа: асабісты досвед

— Разуменне моўнай катастрофы ў Беларусі прыйшло да мяне ў кантэксце падзей 2020 года, хаця я сачыў за моўнай палітыкай усе гады пасля майго ад’езду. Пасля падзей 2020 года мне пачалі актыўна званіць журналісты і задавалі мне пытанні на беларускай мове.

Але пры гэтым рабілі агаворку: вы можаце адказваць на рускай мове. На што я рэагаваў прыкладна так: а чаму на рускай, калі я магу і на беларускай? Журналістаў вельмі дзівіла, што я гатовы размаўляць з імі па-беларуску. Першым часам пасля эфіраў мне пісалі: як выдатна вы размаўляеце на беларускай мове!

І мяне гэта здзіўляла. Калі ж я прыгледзеўся, то ўбачыў, што насамрэч людзей, якія размаўляюць па-беларуску і робяць гэта натуральна, не так і шмат. Тыповая беларуская экспертная сітуацыя: пытанні задаюцца на беларускай мове, адказы, як звычайна, ідуць па-руску. Калі я ўбачыў, што такая сітуацыя нават у экспертнай супольнасці (а гэтыя людзі ўсе апошнія гады жылі і працавалі ў лукашэнкаўскай Беларусі і з’ехалі адтуль у 2021-2022 гадах), тады зразумеў, што адбываецца ў грамадстве.

Я ў лукашэнкаўскай Беларусі пражыў толькі шэсць гадоў — не так і многа; астатні час я назіраў за Беларуссю. Але адна справа — назіраць, і зусім іншая — жыць. І калі я заўважыў, што людзі, якія сфармаваліся ў лукашэнкаўскую эпоху, а потым у 20-я гады выходзілі на пратэсты — людзі апантаныя, матываваныя, але ў іх сапраўды дрэнна з беларускай мовай. Яны сталі актыўна вывучаць беларускую мову пасля 2020 года, звярнулі ўвагу на мову, на гісторыю Беларусі.

І ў гэты момант мне стала абсалютна зразумела, што насамрэч адбывалася цягам усёй лукашэнкаўскай эпохі: як беларуская мова выцяснялася, як мова і культура набывалі маргінальны статус.

Дагэтуль мне цікава размаўляць з людзьмі, якія толькі пасля 20-га года пачалі адкрываць для сябе Васіля Быкава. Прабачце, Васіль Быкаў выдатны пісьменнік, але ж гэта было вядома і ў 90-я гады, ніхто ўжо не забараняў Васіля Быкава ў нулявыя ці ў 2010-я гады. Ці хто замінаў слухаць беларускіх музыкаў? Але многія гэтага не рабілі. Напэўна, пад уплывам культурніцкага мэйнстрыму, які сфармаваўся ў лукашэнкаўскую эпоху, беларускае асабліва не цікавіла людзей.

Чытайце таксама:

«Для мяне аднолькава важна быць і беларусам, і габрэем, і шведам». Чалавек, які выехаў з Беларусі ў мінулым стагоддзі, расказаў, як і чаму прыйшоў да беларускай мовы пасля 2020-га

«Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»

«Родная мова — мова майго роду і маёй краіны». Ці можа ў чалавека быць роднай тая мова, на якой ён не размаўляе?

Клас
53
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
5