Гітанас Наўседа і Інгрыда Шыманіце. Калаж Lrt.lt

Гітанас Наўседа і Інгрыда Шыманіце. Калаж Lrt.lt

Дзейны прэзідэнт Гітанас Наўседа і дзейная прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце выйшлі ў другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Літве

За Наўседу прагаласавалі 45% выбарцаў, за Шыманіце — 20%.

У Літве існуе кансэнсус па асноўных кірунках замежнай палітыкі, тэмамі выбараў былі ў асноўным унутрыпалітычныя пытанні — сярод якіх, да прыкладу, ці павінна матэматыка быць абавязковым выпускным экзаменам.

Аднак ёсць і палітычныя пытанні, якія дзялілі кандыдатаў і якія датычаць беларусаў.

Так, Гітанас Наўседа выступаў за тое, каб абмежаванні для грамадзян Беларусі былі ўраўнаваныя з абмежаваннямі для грамадзян Расіі. А парламенцкая большасць, якую ўзначальваюць кансерватары Шыманіце, гэтыя прапановы блакавала. Акрамя таго, Наўседа выступае за перавод сярэдніх школ, якія працуюць на мовах «несяброўскіх краін», на літоўскую мову, што прывяло б таксама да закрыцця віленскай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны. Шыманіце супраць такой прапановы.

Наўседа ішоў на выбары як незалежны кандыдат. Яго падтрымалі ў тым ліку левацэнтрысцкія сацыял-дэмакраты.

Шыманіце была вылучаная партыяй Хрысціянскіх дэмакратаў — Саюзам Айчыны. Яе база падтрымкі — Вільня, яна тут перамагла.

Трэцяе месца на выбарах заняў адвакат Ігнас Вегеле з 12% галасоў, яго падтрымлівалі правыя партыі.

На чацвёртым месцы — папуліст Рэмігіюс Жамайтайціс з 9% галасоў.

На пятым з 7% галасоў — Эдуардас Вайткус, найбольш прарасійскі з кандыдатаў. Ён перамог у Салечніцкім (Шальчынінкайскім) раёне, дзе большасць насельніцтва складаюць тутэйшыя палякі, і ў расейскамоўным Вісагінасе.

Клас
8
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
10
Абуральна
4