Bogalyub Karich, Dragomir Karich, Neboysha Karich Богалюб Карич, Драгомир Карич, Небойша Карич Багалюб Карыч, Драгамір Карыч, Нябойша Карыч

Багалюб Карыч, Драгамір Карыч, Нябойша Карыч. Калаж: БРЦ

Сербсікя бізнэсмены браты Карычы — адны з найбуйнейшых дэвелапераў у Беларусі. Іх кампанія Dana Holdings займаецца татальнай забудовай Мінска. Сярод найбольш вядомых праектаў — жылыя кварталы «Мінск Свет», Vogue і «Парк Чалюскінцаў».

У 2021 годзе БРЦ выпусціў расследаванне аб тым, як Карычы бясплатна атрымалі зямлю ў Мінску коштам каля мільярда даляраў. А ў 2022 годзе раскрыў схему вываду з Беларусі вызваленага ад падатку прыбытку кампаній у 170 мільёнаў даляраў на карысць Карычаў.

У новым расследаванні аўтары сцвярджаюць, што браты Карычы, а таксама члены іх сем'яў на прыбытак, атрыманы ў тым ліку ад супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі, набылі шэсць кватэр на востраве Палм-Джумейра ў Дубаі.

Palm Jumeirah Палм-Джумейра Палм-Джумейра

Від на частку штучнага вострава Палм-Джумейра. Фота: AP Photo/Kamran Jebreili

Уладальнікам кватэры ў 222 квадратныя метры стаў сын Багалюба Карыча Небойша. За нерухомасць на 11-м паверсе дома Emerald рэзідэнцыі Tiara ў 2019 годзе было заплачана 900 тысяч даляраў.

У тым жа комплексе ў 2011 годзе за 600 тысяч даляраў была набыта кватэра для жонкі Багалюба Міланкі. У 2023 годзе яе прадалі на 150 тысяч даражэй.

Акрамя гэтага ва ўладанні жонкі Небойшы Карыча беларускі Ксеніі Лухновай-Карыч знаходзіліся апартаменты плошчаю 160 квадратных метраў на 13-м паверсе жылога комплексу Oceana Southern. Купленая за больш як 700 тысяч даляраў у 2021 годзе, праз два гады нерухомасць была прададзена за суму амаль у два разы большую.

Чацвёртая кватэра належыць жонцы дваюраднага брата Небойшы Карыча — Машы Нікаліч-Карыч. Яна размешчана на 8-м паверсе дома ў комплексе Aquamarine. А плошча кватэры складае 201 квадратны метр.

Крыніца: Bayut Area Guides / 3D-візуалізацыя кватэры ў комплексе Aquamarine у рэзідэнцыі Tiara на Палм-Джумейра з такой жа плошчай і колькасцю спальняў, як у Машы Нікаліч-Карыч

Крыніца: Bayut Area Guides / 3D-візуалізацыя кватэры ў комплексе Aquamarine у рэзідэнцыі Tiara на Палм-Джумейра з такой жа плошчай і колькасцю спальняў, як у Машы Нікаліч-Карыч

Акрамя гэтага кватэрамі плошчаю ў 200 квадратных метраў на Палм-Джумейра валодалі непасрэдна Багалюб Карыч і яго дачка Даніца. Апошняя пазней прадала сваю нерухомасць уплывоваму эмірацкаму бізнэсмену.

Журналісты Цэнтра па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці змаглі атрымаць каментары ад адваката Багалюба Карыча.

Ён паведаміў, што бізнэсмен пражывае ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах амаль восем гадоў, і пацвердзіў набыццё Карычам кватэры тры гады назад у Дубаі. Па словах адваката, калі Багалюб не застаецца ў горадзе, ён здае кватэру ў арэнду.

Акрамя кватэр у Арабскіх Эміратах, як паказала папярэдняе расследаванне БРЦ, Карычы валодалі нерухомасцю ў Лондане. Сем кватэр у сталіцы Вялікабрытаніі былі аформлены на Дзеяна Лазаравіча, мужа другой дачкі Багалюба Карыча Надзеі, і ацэнены ў прыкладна 14 мільёнаў еўра.

У ходзе новага расследавання ў Лондане была знойдзена яшчэ адна кватэра, набытая на Дзеяна Лазаравіча ў 2009 годзе за 1,5 мільёна фунтаў стэрлінгаў.

Акрамя гэтага ў расследаванні сцвярджаецца, што звязаныя з Карычамі кампаніі маглі быць намінальным трымальнікам рэзідэнцыі Лукашэнкі «Усход». Афшоры, на якія была аформлена рэзідэнцыя, могуць быць звязаныя з кампаніяй Карычаў Dana Holdings. Прынамсі, пра гэта гавораць узаемаразлікі і фінансавыя справаздачы за 2019 і 2020 гады, якія знайшлі сябры Беларускага расследавальніцкага цэнтра.

Матэрыял аб нерухомасці Карычаў падрыхтаваны ў рамках праекту DubaiUnlocked, удзельнікі якога раскрываюць імёны ўладальнікаў нерухомасці ў Дубаі, а таксама ў партнёрстве з Цэнтрам па даследаванню карупцыі і арганізаванай злачыннасці пры падтрымцы «Кіберпартызан».

Чытайце таксама:

Пяць фактаў пра мільярдэра Багалюба Карыча, з якім сустракаўся Лукашэнка

«Рэзідэнцыя «Усход» — самы вялікі хабар Лукашэнку». «Белпол» правёў новае расследаванне 

Расследавальнікі выявілі схемы дзейнасці Анатоля Тарнаўскага — мультымільянера, які працаўладкаваў Ганну Лукашэнка (Сялук) 

Клас
9
Панылы сорам
6
Ха-ха
8
Ого
1
Сумна
17
Абуральна
37