Эканоміка99

Мінск усё больш адрываецца ад рэгіёнаў. Як выглядаюць сталічныя заробкі на фоне іншых гарадоў

Сярэдні заробак у Мінску перавышае тры тысячы рублёў на рукі, што каля 1000 даляраў па бягучым курсе. Тым самым сталіца ўсё больш адрываецца ад рэгіёнаў, у тым ліку ад абласных цэнтраў. Ці гэта норма?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images

Мінск vs Беларусь

Сярэдні заробак па краіне за красавік — 2247 рублёў чыстымі, або каля 750 даляраў. Найменшыя паказчыкі ў Віцебскай вобласці — там сярэдні заробак склаў 1871 рубель.

Розніца паміж сталіцай і рэгіёнамі працягвае расці. Калі сярэдні налічаны заробак за год па краіне вырас на 431 рубель, то ў Мінску — на 557 рублёў, а ў Магілёўскай вобласці — усяго на 305.

Аднак так было не заўсёды. Напрыклад, 30 гадоў таму, у 1995-м, розніца ва ўзроўні заробкаў паміж Мінскам і абласнымі цэнтрамі была значна меншай.

Скрыншот: alfabank.by

Калі ў сталіцы выходзіла 113 даляраў, то ў абласных цэнтрах — ад 96 даляраў у Віцебску да 105 у Гродне. Аналагічная тэндэнцыя назіралася і ў 2000-х.

Напрыклад, у 2005 годзе ў Мінску сярэдні налічаны заробак у даляравым эквіваленце быў 262 даляры, а ў Гродне — 238. Выходзіць, што 20 гадоў таму мінчукі ў сярэднім атрымлівалі ўсяго на 10% больш, чым гродзенцы.

Скрыншот: alfabank.by

Да 2010 года разрыў павялічыўся. Калі ў Гродне сярэдні заробак вырас да 438 даляраў, то ў Мінску — да 558. Розніца — 18%.

У канцы 2019 года Мінск упершыню апярэдзіў па ўзроўні сярэдняй зарплаты шматгадовага лідара — Салігорскі раён.

На пачатак 2025 года сярэдні заробак у Мінску на 42% вышэйшы, чым у Гродне.

З райцэнтрамі лепей не параўноўваць

Калі параўнаць сярэдні заробак за сакавік 2025 года ў Мінску і Бабруйску, які з'яўляецца самым буйным райцэнтрам у краіне, то розніца складзе каля 88%: 1624 рублі на рукі ў Бабруйску супраць 3048 рублёў у Мінску.

Сярэднія налічаныя заробкі па Магілёўскай вобласці за сакавік 2025 года. Табліца: Белстат

Для параўнання: у 2010 годзе разбежка ў заробках паміж Мінскам і Бабруйскам складала каля 37%.

У выпадку з Магілёвам у 2010 годзе розніца была каля 30%. На сакавік 2025 года сярэдні заробак на рукі ў Мінску ўжо на 50% большы, чым у Магілёве — 2032 рублі супраць 3048. 

Скрыншот: alfabank.by

Статыстыка паказвае, што Мінск з гадамі ўсё больш адрываецца ад астатняй Беларусі па памеры сярэдняй заработнай платы.

Вялікая розніца — гэта не норма 

Эканаміст BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што розніца ў заробках паміж гарадамі не павінна быць настолькі вялікай.

«Жыццё ў буйным горадзе даражэйшае, таму пэўная розніца ў памеры аплаты працы — гэта нармальна. Іншае пытанне ў тым, што ў выпадку з Беларуссю яна вельмі адчувальная, і разрыў паміж сталіцай і рэгіёнамі працягвае расці», — кажа Лузгіна.

Ва ўрадзе гэту праблему таксама заўважаюць, распрацоўваюць праграмы па паляпшэнні сітуацыі ў рэгіёнах. «Але выніку гэта не прыносіць», — лічыць эксперт.

Лузгіна тлумачыць, што менавіта ў Мінску знаходзяцца галаўныя офісы замежных кампаній, фінансавых устаноў, IT-кампаній, сканцэнтраваны буйны бізнэс.

«Гэта прыводзіць да таго, што ў Мінску прасцей і хутчэй знайсці высокааплатную працу, чым у рэгіёнах. Але нераўнамернае рэгіянальнае развіццё мае шэраг негатыўных наступстваў», — упэўненая эканаміст.

З дэпрэсіўных рэгіёнаў працаздольнае насельніцтва актыўна мігруе ў сталіцу. Ператок пагаршае там недахоп спецыялістаў у розных сферах. Так, у рэгіёнах скарачаецца доступ да медыцынскіх паслуг, не развіваецца інфраструктура. Інвестары не зацікаўленыя туды прыходзіць.

«У выніку такія рэгіёны патрабуюць дадатковых выдаткаў і ўмяшання з боку дзяржавы. Парушаецца гарманічнае развіццё эканомікі краіны ў цэлым. Як вынік — дэпрэсіўныя рэгіёны адцягваюць частку грошай з больш паспяховых», — адзначае Лузгіна.

А як у нашых суседзяў з Еўрасаюза?

Праблемы з рэгіянальным развіццём існуюць у многіх краінах. Але, напрыклад, у Польшчы і Літве такога разрыву паміж сталіцай і рэгіёнамі не назіраецца.

Варшава па ўзроўні сярэдняга заробку займае толькі трэцяе месца ў Польшчы, трохі саступаючы Кракаву і Гданьску, а сярэдні заробак у Катавіцах, Уроцлаве і Познані ў 2024 годзе быў прыкладна на 10% ніжэйшы, чым у Варшаве.

Сярэдні брута-заробак у Польшчы ў 2024 годзе. Скрыншот: obserwatorgospodarczy.pl

«У Польшчы няма канцэнтрацыі на сталіцы. Ёсць усходнія і заходнія часткі, якія могуць адрознівацца. На мяжы з Беларуссю ёсць Беласток, які шмат у чым пакутуе праз закрыццё межаў.

У Польшчы ёсць адразу некалькі цэнтраў прыцягнення, што і паказвае статыстыка. Ёсць мноства буйных гарадоў — напрыклад, Гданьск і Познань маюць каля 500 тысяч насельніцтва, — дзе ўзровень заробкаў супастаўны са сталічным».

У Польшчы шэраг буйных замежных кампаній маюць галаўныя офісы не толькі ў Варшаве, а і ў іншых буйных гарадах — напрыклад, Кракаве. Такі падыход Лузгіна называе больш правільным у размеркаванні насельніцтва па краіне.

«Так, у Польшчы таксама ёсць розніца ў развіцці паміж рэгіёнамі, але яна не такая моцная, як у Беларусі. Там няма такога, што калі чалавек жыве ў невялікім горадзе, то ён у чымсьці прыкметна ўшчэмлены. У яго ёсць доступ да сэрвісаў, сучаснай інфраструктуры», — адзначае эканаміст.

Не толькі грошы цягнуць людзей у Мінск

Эканаміст лічыць, што ў Мінск пераязджаюць не толькі з-за больш высокіх заробкаў, але і з-за розніцы ў развіцці сэрвісу і інфраструктуры.

Высокая канцэнтрацыя ВНУ менавіта ў сталіцы, на думку эксперта, — гэта яшчэ адзін фактар моцнай цэнтралізацыі ў Беларусі.

«У Польшчы многія буйныя рэйтынгавыя ВНУ знаходзяцца не ў Варшаве, а ў іншых гарадах».

Для таго каб вырашыць праблему празмернай цэнтралізацыі Беларусі, на думку эксперта, неабходны комплексны падыход, які ў тым ліку патрабуе сур'ёзных фінансавых уліванняў з боку дзяржавы.

«Неабходна інвеставаць у развіццё інфраструктуры, каб людзі маглі камфортна жыць там, дзе яны нарадзіліся. Неабходна ствараць спрыяльны клімат для прыцягнення інвестыцый. Грошай на гэта ў дзяржавы няма, з развіццём бізнэсу і прыцягненнем замежных інвестараў таксама ўсё складана», — адзначыла Лузгіна.

Вільня не паўтарае за Мінскам

У суседняй Вільні сярэдні заробак на рукі (1605 еўра) усяго на 6% вышэйшы, чым у Коўне (1514 еўра) і толькі на 12% вышэйшы за сярэдні па ўсёй Літве (1432 еўра). Нават у параўнанні з самым дэпрэсіўным Лаздыйскім раёнам сярэдні заробак у сталіцы Літвы вышэйшы на 45%.

У Беларусі ж розніца ў сярэднім заробку паміж Мінскам і самымі беднымі рэгіёнамі складае больш за 100%.

Сярод еўрапейскіх суседзяў найбольш падобная да Беларусі сітуацыя ў Латвіі. Там таксама ёсць Рыга і ўся астатняя краіна. Розніца паміж сярэднім заробкам у Рызе і рэгіёнах складае больш за 40%.

Каментары9

  • Барадзед
    05.06.2025
    Минска на всех не хватит, надо ехать на заработки в Евросоюз или Москву.
  • Ёсік
    05.06.2025
    Адкуль у Мінску 1000$, у каго заробак такі, калі ўсе прапановы не больш за 2,5бінаў з невылічанымі падаткамі. Хопіць хлусіць.
  • Москва не Россия, Минск не Беларусь
    05.06.2025
    Отличный показатель эффективности работы директора совхоза…

Цяпер чытаюць

Рыта Дакота набыла дом за некалькі мільёнаў даляраў каля Галівуда19

Рыта Дакота набыла дом за некалькі мільёнаў даляраў каля Галівуда

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусь завезлі «Чабурашку 2». Паглядзелі гэты расійскі хіт, каб вам не прыйшлося12

Прэм’ерка Даніі заклікала Трампа спыніць «пагрозы» ў дачыненні да Грэнландыі1

Трамп прыгразіў Кубе і Калумбіі4

Аднавілі мост там, дзе яго не магло быць, бо не змаглі знайсці яго рэальнае месца. Што за рэстаўрацыя адбываецца ў Жылічах?2

Расія даказвае, што УСУ ударылі ў Купянску па сваіх, але Z-блогеры прызнаюць, што авіябомбамі накрылі кінутых расіян2

У Гане мясцовы «прарок» абяцаў на Каляды сусветны патоп і падмануў. Людзі абураныя8

Жанчына набыла ў фірмовай краме «Беліты» падарункавы сертыфікат. У іншай краме яго не прынялі4

У Аўстраліі спатрэбілася 11 чалавек, каб пачысціць зубы аднаму кракадзілу2

Трамп: Новай кіраўніцы Венесуэлы будзе горш, чым Мадура, калі яна адмовіцца супрацоўнічаць23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рыта Дакота набыла дом за некалькі мільёнаў даляраў каля Галівуда19

Рыта Дакота набыла дом за некалькі мільёнаў даляраў каля Галівуда

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць