10-гадовая Віка зь Вялейскага дому-інтэрнату ў апошнія дні стала галоўнай гераіняй беларускіх інфармацыйных стужак. Італьянская сям’я Марыі К’яры Барначын і Алесандра Гвіста з курортнага гарадку Кагалета пад Генуяй (Genova), адмаўляецца вяртаць яе на Радзіму. Яны нават зьвярталіся ў суд, каб працягнуць знаходжаньне беларускі на Апэнінах. Але суд адмовіў.

Італьянцы сьцьвярджаюць, што Віка распавяла ім пра страшэнныя маральныя, сэксуальныя і фізычныя зьнявагі, якія ёй даводзілася цярпець у інтэрнаце, таму яны і вырашылі ў мэтах бясьпекі пакінуць дзяўчынку ў сябе. Марыя і Алясандра кажуць, што Віка паабяцала скончыць жыцьцё самагубствам, калі яе вернуць у Беларусь.

Афіцыйны Менск пагражае, што можа ўвогуле перастаць пускаць дзяцей на аздараўленьня за мяжу, калі Віка ня будзе вернутая назад. Італьянская паліцыя пачала вышук сям’і разам зь дзяўчынкай, а МЗС Беларусі сям’і Баначын-Гвіста прыехаць разам зь Вікай у Беларусь -- каб пераканацца, што дзяўчынцы нішто не пагражае.

Дырэктар Вялейскага дому-інтэрнату Мікалай Ваўчкоў гаворыць, што нядаўна інтэрнат прайшоў звышпатрабавальную праверку інспэктараў зь Міністэрства адукацыі і яны не пацьвердзілі чутак пра нібыта жорсткае абыходжаньне зь дзецьмі. Таму ён мяркуе, што гэта звычайныя выдумкі Вікі – «дзіцячая фантастыка». Мікалай Ваўчкоў адзначае, што за ягоную працу ў інтэрнаце гэта першая такая гісторыя, раней нічога падобнага не здаралася. «Мы патрабуем, каб Віка была вернутая да нас».

Кіраўнічка прадстаўніцтва італьянскага дабрачыннага фонду «Дапаможым ім жыць» Сьвятлана Ўнук адзначае, што праз гэты скандал найбліжэйшымі днямі на Апэніны не паляціць група з 60 чалавек. Яна кажа, што ад усёй гэтай гісторыі найбольш пакутаюць толькі дзеці. Унук кажа, што за апошнія гады колькасьць дзяцей, якіх іх прадстаўніцтва вывозіць у Італію значна скарацілася. «Калі ў 1997-98 мы вывозілі на аздараўленьне каля 7500 дзяцей. То сёлета ў найлепшым выпадку атрымаецца – 300-400. Працы з кожным годам становіцца ўсё меней». – з сумам зазначае Сьвятлана Ўнук.

У іншым дабрачынным фондзе – «Дрэва жыцьця» – на пытаньні карэспандэнта «НН» адказваць адмовіліся, заявіўшы, што ня маюць паўнамоцтваў камэнтаваць ды параілі зьвяртацца да намесьніцы міністра адукацыі Тацяны Кавалёвай.

Цікава, што падобная да Вікінай гісторыя адбылася два гады таму ў Амсьціслаўскім інтэрнаце для сіротаў. Зь Італіі тады таксама не вярнулася дзяўчынка. Праўда, цяпер яна шчасьліва жыве ў вельмі багатай італьянскай сям’і са згоды Міністэрства адукацыі. Вось толькі дырэктар гэтага інтэрнату ўвесну атрымаў 5 гадоў калёніі.

Вяляйчанка Віка яшчэ на пэўны час застанецца гераіняй навінаў, толькі няма пэўнасьці што будзе пасьля. Ці не паслужыць гэты інцыдэнт зачэпкай для ўладаў, каб цалкам забараніць выезд беларускіх дзяцей за мяжу (толькі адна Італія штогод прымае 25 тыс. чалавек), а пасьля ўвогуле забараніць чужаземцам усынаўляць малых беларусікаў і наогул абмежаваць выезд за мяжу па розных праграмах?

Так, сёньня была ўручана нота пратэсту беларускага МЗС часоваму паверанаму ў справах ЗША ў Менску Джонатану Муру і прадстаўніку Дзярждэпу ЗША ў Вашынгтоне. У ноце сьцьвярджаецца, што амэрыканскія ўлады не гарантуюць належным чынам бясьпеку беларусаў у ЗША. Прычына -- тры трагічныя інцыдэнты зь беларускімі грамадзянамі, што здарыліся за апошні час, якія знаходзіліся па праграме "Праца і падарожжа летам".

Калі ж будзе абмежаваны выезд па розных праграмах, то ўзьнікае пытаньне: ці здольная беларуская дзяржава даць належную адукацыю, мэдыцынскую дапамогу і выхаваньня беларускім сіротам і інвалідам. Добра, калі здолее.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?