Апошнія гады часта задаюся пытаньнем: што такое свабода? Дакладней, што такое свабода ў Беларусі?

Аналізуючы асабістыя адчуваньні, зьвязаныя з акрэсьленай тэмай з 1998 году, разумею, што зьмянілася ня тое што шмат — зьмяніліся да горшага амаль усе вонкавыя фактары (пры зьмене да лепшага ўнутраных часам падаецца, што можна зьехаць з глузду). У 1998-м мы зь сябрамі без праблемаў ладзілі дзіцячыя гістарычныя летнікі, размаўлялі па-беларуску і шчыра верылі, што пару годзікаў пазаймаемся дзецьмі — і росквіт грамадзянскай супольнасьці ня дасьць магчымасьцяў да ўмацаваньня аўтарытарызму ў нашай краіне. Ва ўнівэрсытэце мяне ня вельмі цікавіла стаўленьне да мяне выкладчыкаў, якія прасілі «не перашкаджаць ім праводзіць заняткі», калі я задавала пытаньні, якія іх як мінімум ставілі ў тупік (відаць, трошкі была падобная да Сакрата тады і шчыра верыла, што людзі ня могуць не імкнуцца да праўды — проста ім ніхто не задаваў правільных пытаньняў). Але на абароне дыплёму яны ўсе рабілі выгляд, што цешацца, што маюць хоць адзін беларускамоўны дыплём.

Сьвет пачаў пераварочвацца, калі давялося шукаць працу, і нешта ніхто не рэагаваў на беларускамоўную эканамістку так, як хацелася б — давялося размаўляць восем гадзінаў на дзень па-расейску. Але гэта каштавала дорага. Гэта крэсьліла мае прынцыпы, мой сьветапогляд і, урэшце, маю надзею на хуткія зьмены.

Выйшла, што я проста за грошы прадаю свае прынцыпы (фармальна можна сказаць — за аплачаную працу). Далей — весялей. У 2004-м я перастала пісаць у CV пра свой досьвед працы ў грамадзкім сэктары, старалася не размаўляць на працы пра свае вялікія пляны, зьвязаныя з адукацыяй, пра тое, як праходзіць мой адпачынак, і падобныя рэчы.

Выйшла, што дзяржава ў пэўным сэнсе набыла грамадзтва. За тое, каб фірму «асабліва не чапалі», фірма намагаецца быць найбольш ляяльнай да дзяржавы. А актыўныя маладыя беларускамоўныя людзі, нават з добрай адукацыяй, нават з найлепшымі вынікамі па прафэсійных тэстах, якія гэтая фірма ладзіць, — гэта рызыка. Можа, не вялікая, але рызыка — трапіць «у чорны» сьпіс, а пасьля, як вядома — пара-тройка праверак, і з нашым заканадаўствам — закрыцьцё па адной з формаў, калі такая мэта дзяржавай будзе пастаўленая. Таму чалавек мусіць альбо згаджацца на правілы гульні дзяржавы — ціхенька дома размаўляць пра тое, што яму не падабаецца, фактычна становячыся калябарантам, ці шукаць горшую працу, дзе ён можа згубіцца сярод сярэднестатыстычных работнікаў. Гэта правіла не без выняткаў — але нават на працу да сваёй мамы я ня трапіла, бо яна лічыла, што мая грамадзкая дзейнасьць будзе рызыкай для яе фірмы.

Вось і выходзіць: каб адчуваць сябе свабодным, трэба альбо мець аплачаную тым ці іншым чынам працу ў грамадзкіх ці палітычных апазыцыйных арганізацыях, альбо зьехаць за мяжу.

Таму і ствараецца дзіўная сытуацыя: бальшыня грамадзтва так ці інакш калябаруе з рэжымам.

Здаецца, што стварэньне альтэрнатыўнай супольнасьці, фактычна грамадзтва ў грамадзтве, — гэта вартае выйсьце. Мы можам ствараць культурніцкія, інтэлектуальныя асяродкі, такога кшталту рэзэрвацыі даюць свой плён, мультыплікуюць людзей, што незалежна мысьляць. Аднак мы падпіхваем людзей да незалежнага мысьленьня — і?.. Ці яны ў нашай краіне становяцца ад гэтага шчасьлівымі, калі ім трэба хаваць свае думкі спачатку ў навучальных аўдыторыях, а пасьля на працы, каб дасягаць нейкіх посьпехаў ці проста не згубіць гэтую вучобу і працу? Падаецца, што выйсьцем было б навучыцца ствараць эфэктыўныя бізнэс-асяродкі. Відавочна, што калі чалавек незалежны матэрыяльна і ведае, што яго заўтра ня выкінуць з працы за мову ці ягоныя погляды, а будуць гэта вітаць, нашае гета будзе пашырацца. У прынцыпе, распаўсюджваньне эфэктыўнай альтэрнатыўнай культуры нерэальнае без пранікненьня яе ва ўсе магчымыя сфэры жыцьця грамадзтва. Гэта трошкі ненатуральна, калі можаш быць Чалавекам толькі дома, у Інтэрнэце ці зь сябрамі — павінен быць поўны спэктар, які б уключаў прынамсі яшчэ й працу.

Мы, на жаль, замала думалі пра стварэньне сваіх бізнэсаў у мінулым. Але ж кожны чалавек з арганізатарскімі здольнасьцямі можа даць працу адной-тром асобам з свайго асяродку. Гэта будуць моцныя каманды: звычайна людзі, павязаныя эмацыйна, працуюць больш эфэктыўна. Справа гэтая няпростая, але альтэрнатыва — толькі стварэньне гэткіх жа рэзэрвацыў за межамі ўласнай краіны. Толькі апошняе выклікае значна менш энтузіязму...

Гомель

P.S. Калі каму цікава — магу падзяліцца ідэямі і дапамагчы ў разьліку варыянтаў (на жаль, па-за разьлікам застануцца «непрадугледжаныя выдаткі» і няспынная зьмена падатковага і іншага заканадаўстваў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?