Справа па факце хуліганства (арт. 339 Крымінальнага кодэкса) распачата ў Заводскім РУУС Мінска ў дачыненні да 26-гадовага беспрацоўнага мясцовага жыхара. Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС Мінгарвыканкама, нецвярозы мінчанін спрабаваў абараніць свае правы спажыўца з дапамогай зброі.

Узяўшы напракат у адным з салонаў камп’ютарныя дыскі, малады чалавек дома выявіў, што яны не працуюць, і вярнуўся да пракатчыкаў ужо з пнеўматычным пісталетам. На скаргі спажыўца прадавец тут жа адказаў прапановай вярнуць грошы.

Але гэтага мінчаніну падалося мала — ён дастаў пісталет і прыставіў яго да скроні работніка салона, патрабуючы сустрэчы з гаспадаром.

Спалоханы прадавец, упэўнены ў тым, што на яго нацэлена баявая зброя, патэлефанаваў гаспадару і выклікаў яго ў салон. Гаспадар на пагрозу зрэагаваў хутка — тут жа выхапіў пісталет з рук зламысніка. У гэты час прадавец паспеў звярнуцца па дапамогу ў міліцыю. Нападнік спрабаваў уцячы, але быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?