Што нам рабіць з супрацоўнікамі спэцслужбаў? Піша Віталь Тарас.

Сярэднявечча на пачатку стагодзьдзя

Брытанская крымінальная паліцыя – Скотланд-Ярд – распачала афіцыйнае сьледзтва ў справе атручаньня былога афіцэра ФСБ Аляксандра Ліцьвіненкі ў Лёндане. Па сустрэчы з сваім італьянскім інфарматарам у рэстарацыі, падчас якой Ліцьвіненка разьлічваў атрымаць важныя зьвесткі наконт забойства расейскай журналісткі Ганны Паліткоўскай, ён быў дастаўлены ў шпіталь зь цяжкім атручаньнем. У крыві Ліцьвіненкі быў выяўленыя сьляды талію і яшчэ аднаго яду, склад і паходжаньне якога пакуль што невядомыя.

Ліцьвіненка вядомы тым, што ў свой час публічна заявіў аб замаху, які, нібыта, рыхтавала ягонае ведамства супраць Барыса Беразоўскага. На эміграцыі ў Англіі Ліцьвіненка выпусьціў кнігу, у якой піша, быццам да выбухаў у жылых дамах у Маскве пры канцы 1990-х таксама мела дачыненьне ФСБ.

Успамінаецца даўняя гісторыя з расейскім пісьменьнікам Уладзімерам Вайновічам, якая здарылася зь ім перад тым, як той вымушаны быў эміграваць на Захад. Паводле Вайновіча, супрацоўнік КГБ падчас гутаркі зь ім незаўважна для суразмоўцы падмяніў пачак цыгарэт. Пасьля гэтага пісьменьнік адчуў на сабе моцнае псыхатропнае ўзьдзеяньне нейкага рэчыва. Самае цікавае ў тае гісторыі, што знаёмыя Вайновіча адмаўляліся тады верыць яму й нават пасьміхаліся – лічылі, што ён стаў ахвярай уласнай параноі.

Успамінаецца й больш блізкая ў часе трагічная сьмерць Генадзя Карпенкі, аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі, чалавека, які карыстаўся высокім маральным аўтарытэтам. Лекары назвалі прычынаю сьмерці інсульт, які напаткаў Карпенку неўзабаве пасьля вячэры з знаёмымі журналістамі ў менскай рэстарацыі. Што стала непасрэднай прычынаю інсульту – невядома. Няма доказаў таго, што Карпенка мог быць атручаны. Тым больш, няма доказаў датычнасьці да раптоўнай сьмерці апазыцыянэра спэцслужбаў. Як, дарэчы, няма доказаў, што да атручаньня Ліцьвіненкі ў Лёндане спрычынілася ФСБ.

Выпадкі з атручаньнем, як паказвае старадаўняя ды найноўшая гісторыя, цяжка раскрываць. Досыць узгадаць выпадак зь Віктарам Юшчанкам, які быў атручаны падчас выбарчай кампаніі ва Ўкраіне. Нягледзячы на тое, што Юшчанка стаў прэзыдэнтам, сьледзтва ў гэтай справе дагэтуль не дало вынікаў.

Відавочна, што ва ўсіх гэтых выпадках арганізатары замахаў не абавязкова ставілі на мэце забіць сваіх ахвяраў. Куды больш важная для іх задача – запалохаць. І ня толькі канкрэтных асобаў, але й грамадзтва ў цэлым.

Нішто безь нічога не зьнікае

Гэтай задачы спэцслужбы, трэба прызнаць, пасьпяхова. У часе перабудовы быў папулярны такі вершык: «У нас сейчас эпоха гласности, свобода слова нам дана. Но комитет госбезопасности запомнит наши имена». Тады гэты вершык выклікаў сьмех. А пасьля таго як з Лубянскай плошчы ў Маскве прыбралі помнік Дзяржынскаму, многім падалося, што разам зь ім адышла ў нябыт эпоха КГБ. Але ёсьць закон захаваньня рэчыва. Нішто бясьследна не зьнікае.

Яшчэ да таго, як копія таго помніка зьявілася ў Беларусі (а ўсьлед за ёй – і бюст Сталіна), перабудовачны вершык пачаў успрымацца не як гумар, але як сумнае прароцтва.

Зноў, як у даперабудовачны час, людзі пачынаюць размаўляць паміж сабой з аглядкай. Яшчэ адзін стары савецкі жарт перастаў быць сьмешным: «Ты чытаў сёньняшнія газэты?» -- пытаецца чалавек па тэлефоне ў свайго знаёмага. «Ціха, ціха! Гэта не тэлефонная размова!» – у страху адказвае суразмоўца. Дзяржаўныя газэты – нават«СБ», дазваляецца толькі выпісваць ці купляць. У крайнім выпадку, іх можна чытаць. Але ні ўякім выпадку не цытаваць і не камэнтараваць, тым больш публічна. Інакш можна чакаць непрыемнасьцяў. Сытуацыю прадбачыў Оруэл у рамане «1984» . (Больш за двацццаць гадоў мінула, як назва антыўтопіі састарэла, але сам зьмест раману – ні трохі!) У Міністэрстве праўды, разумеючы небясьпеку старых газэт, штодня цалкам перапісвалі іх, каб яны адпавядалі патрабаваньням моманту.

Аднак Оруэл недаацэньваў узровень цынізму ўлады ў будучыні. Ніхто ў дзяржаўнай прэсе не баіцца сёньня казаць адно, заўтра – процілеглае. Сёньня няважна, ці вераць людзі ў тое, што гавораць газэты і тэлебачаньне. Галоўнае – каб баяліся выказваць свае думкі, каб трымалі іх каля сябе. (Вось пішу гэтыя радкі, а ўнутраны рэдактар нашэптвае – лягчэй, лягчэй. Можа, ня трэба пісаць на гэтыя тэмы?)

Падпіска на выданьні, выкінутыя з каталёгаў «Белпошты», ператвараецца ў акт грамадзянскай мужнасьці. Таксама як і маўленьне па-беларуску ў публічным месцы.

Аматары чапляць пагоны

Але паралізуе волю людзей і грамадзтва ня толькі страх і вера ва ўсёмагутнасьць органаў бясьпекі. Ёсьць яшчэ друкі бок мэдаля – узаемны недавер людзей, усеагульная падазронасьць і гатовасьць верыць у горшае.

Калі ў якой-небудзь грамадзкай арганізацыі насьпявае раскол – няйначай да гэтага спрычыніліся спэцслужбы.

Не пасьпеў Беларускі ліцэй прыпыніць зь нейкіх прычынаў заняткі, як папаўзлі чуткі – «да гэтага яўна спрычыніліся органы». Пра каго толькі не даводзілася чуць ад самых аўтарытэтных людзей – вось той, без усялякага сумненьня, служыць у КГБ. У таго пад цывільнай вопраткай пагоны лейтэнанта, а ў таго – нават палкоўніка. Такое гавораць часьцей за ўсё пра тых, хто больш навідавоку. Называць імёны няма сэнсу – кожны, хто хоць чымсьці вылучаецца нашэрым фоне, можа быць завочна «ўганараваны» рознымі званьнямі. А чаму, калі гэты апазыцыянэр такі сьмелы, яго дагэтуль не пасадзілі? А чаму, калі газэта сапраўды беларуская, яе яшчэ не забаранілі? А чаму гэты піша крытычныя артыкулы пра ўладу – напэўна, яшчэ недзе атрымлівае зарплату.

Яскравы прыклад такой псыхалёгіі – пытаньне, зададзенае галоўнаму рэдактару «ARCHE» Валеру Булгакаву падчас анлайнавай канфэрэнцыі на радыё «Свабода». Сэнс пытаньня зводзіўся да наступнага – ці не таму прыпынілі выхад вашага часопісу, што вы разьлічваеце атрымаць грант? Спэцслужбы ў дадзеным выпадку ня згадваюцца, але яны як бы трымаюцца на ўвазе ў падтэксьце (хіба можна ў наш час атрымаць фінансавую падтрымку бяз згоды ці ведама ўладаў?)

Можна дапусьціць думку, што падобныя пытаньні ў часе анлайнавых канфэрэнцыяў задаюць супрацоўнікі спэцслужбаў. Але й гэтае цьверджаньне з разраду спэкуляцыяў, якія толькі затуманьваюць сутнасьць справы.

Чаму так зацягнуўся працэс люстрацыі ў некаторых постсавецкіх краінах – напрыклад, у Латвіі? Не таму што КГБ захаваў там былую магутнасьць. Проста латвійскія палітыкі ня хочуць паўтараць чужыя памылкі. Усе, хто ў свой час трапляў у поле зроку органаў дзяржбяспекі, заносіліся ў картатэку. Нават імёны тых, каго «апрацаваць» не ўдавалася, засталіся ў адпаведных архівах, пад адпаведнымі мянушкамі. Так здарылася ў Польшчы, дзе ў ролі агента ГБ апынуўся нават…Лех Валэнса. А цень супрацы з СБ упала ледзь не на ўсіх былых лідэраў апазыцыйнага прафсаюзу і дзеячоў КОС-КОР. Тыя ж, хто нічым асаблівым не вылучаўся ў падпольлі, альбо ўвогуле трымаўся ўбаку ад нелегальнай дзейнасьці, аказаліся цяпер ледзьве не героямі нацыі.

Адваротны бок месяца

Гэта звычайны вынік усіх рэвалюцыяў, пладамі якой, як вядома, карыстаюцца зусім ня тыя, хто іх ажыцьцяўляе.

Нядаўна былі абнародаваныя дакумэнты, зь якіх вынікае, што ніхто іншы як Берыя распачаў пасьля сьмерці Сталіна шырокую амністыю. І тычылася яна не «крымінальнікаў», як запэўнівалі афіцыйныя гісторыкі, а непаўналетніх дзяцей, жанчын і старых – усяго ў 1953-м было вызвалена з ГУЛАГу амаль мільён чалавек.

Органы партыйнай і савецкай ўлады пачалі тады закідваць лістамі – што ж такое робіцца, чаму выпускаюць ворагаў народу? Абураліся тыя, каго прынята называць «простымі савецкімі людзьмі» – дворнікі, прыбіральшчыцы, дробныя службоўцы, настаўнікі ды хто заўгодна. Грамадзтва не было гатовае да рэабілітацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, і Берыя быў скінуты й абвешчаны…брытанскім шпіёнам. У што ахвотна паверылі масы. А вось у даклад Хрушчова на ХХ з’ездзе доўга не хацелі верыць.

Гэты факт я згадаў таму, што і ў беларускім грамадзтве таксама хапае добраахвотных памочнікаў улады, заўсёды гатовых напісаць данос на знаёмых і нават на сваякоў. «Усёмагутнасьць» сакрэтных службаў ва ўсе часы грунтавалася на тым, што яны зьвярталіся да цёмнага боку чалавечай душы. Гэты бок, як і ў Месяца, застаецца нябачным звычайнаму назіральніку.

Што з гэтага вынікае? Калі стваралася польская «Салідарнасьць», яе актывісты ведалі, што сярод іх ёсьць агенты спэцслужбаў. Але яны вырашылі ігнараваць гэты факт і дзейнічаць так, быццам усе аднолькава служаць супольнай справе. Яны паставілі на сьветлы бок чалавечай натуры. І ў канчатковым выніку выйгралі.

А што пладамі іх перамогі скарысталіся ўсе, у тым ліку й нягоднікі – ня страшна. Прынамсі, гэтым людзям давялося прыкідвацца прыстойнымі людзьмі і хаваць да пары ад усіх цёмны бок сваёй душы. А гэта ўжо няблага для пачатку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0