4 лютага Германія пачала афармляць нацыянальныя візы для беларускіх грамадзян без збірання консульскага збору.Пра гэта БелаПАН паведамілі ў аддзеле прэсы пасольства Германіі ў Мінску.
Нацыянальныя візы выдаюцца асобам, якія плануюць знаходзіцца ў Германіі больш за тры месяцы, напрыклад, для ўз’яднання сям’і, вучобы або ажыццяўлення працоўнай дзейнасці. Новае правіла не распаўсюджвацца на выдачу шэнгенскіх віз для кароткатэрміновых прыватных і дзелавых паездак працягласцю да 90 дзён у межах паўгоддзя.
Як адзначаюць у аддзеле прэсы, федэральны ўрад Германіі паслядоўна выступае за аблягчэнне візавага рэжыму для грамадзян Беларусі. Так, у 2010 годзе траціна ўсіх шэнгенскіх віз, выдадзеных пасольствам Германіі ў Мінску, афармлялася без збірання консульскага збору, у тым ліку візы для дзяцей, якія накіроўваліся на аздараўленне, удзельнікаў маладзёжных і студэнцкіх абменаў, дзеячаў мастацтваў, членаў праваабарончых і рэлігійных арганізацый.
Нагадаем, рашэнне аб адмене платы за доўгатэрміновыя (нацыянальныя) візы для грамадзян Беларусі было прынята 3 лютага на пасяджэнні ўрада Эстоніі. Раней аналагічнае рашэнне прынялі Польшча і Латвія.