Сярод самых важных падзеяў мастацкага жыцця нашае краіны, бясспрэчна, — вяртанне з Парыжа палотнаў Івана Хруцкага ў наш Мастацкі музей.

Больш як паўгода творы Івана Хруцкага экспанаваліся ў Францыі, а таксама Літве і Расеі. 200 я ўгодкі з дня нараджэння мастака сталі адной з памятных дат у спісе ЮНЕСКА. І з гэтай нагоды ў штаб-кватэры гэтай міжнароднае арганізацыі ў Парыжы ў верасні адбылася выстава жывапісу Хруцкага. Шэдэўры беларускага мастацтва мінулых эпохаў мусілі стварыць новы, пазітыўны, еўрапейскі вобраз Беларусі ў вачах заходняй публікі. Ці гэта ўдалося, сказаць ужо цяжка...

«Мастацтва Беларусі XIX стагоддзя»

А з 9 лютага ў Мастацкім музеі пачала працаваць абноўленая маштабная экспазіцыя «Мастацтва Беларусі XIX стагоддзя». У ліку галоўных экспанатаў выставы — менавіта палотны Івана Хруцкага, што вярнуліся дадому.

«Думка беларуская»

У Мінскай гарадской мастацкай галерэі Леаніда Шчамялёва тым часам працягвае працу выстава «Думка беларуская» фотамастака Ігара Пашахонова-Міцкевіча.

Гэта не эрзац, не штучны міф «За Беларусь!», а самая сапраўдная наша краіна. Краіна як адчуванне — калі праехацца ўздоўж і папярок па шырокіх яе абшарах — вось што ўбачыць і адчуе глядач на гэтай выставе. «Думка беларуская» ўпершыню прадстаўленая публічна. Гэта нізка фотаздымкаў пра нашага, беларускага чалавека, які ўзяты як модуль, як адзінка вымярэння «штодзённага» беларускага пейзажу, што патрапіў у аб’ектыў.

Характэрныя тыпажы, дэталізаваная фактура іх асяроддзя далёкія ад этнаграфічнага ці сацыя¬лагічнага даследавання. Гэта хутчэй даследаванне метафізічнае. Без гэтых адзінокіх, часцей за ўсё франтальна, амаль нерухома стаячых фігур мы не адчуем голасу краю: непрабіўнай шчыльнасці сцяны, глухой гушчыні быльнягу на старых могілках, амаль хвараблівай пустэчы пакрытай шнарамі зямлі, што нарадзіла гэтыя постаці як дрэвы, і паглыне іх — мы ведаем гэта, — і народзіць новыя з непазбежнасцю. Людзі з’явіліся на гэтых здымках амаль супраць волі аўтара, знянацку сярод пейзажу.

Мы ніколі не былі ў большасці мясцінаў, што на гэтых фатаграфіях. І, можа быць, ніколі не будзем... Але мы пазнаём гэтыя мясціны. І гэтых чужых людзей. Погляд Ігара Пашахонава — погляд з сярэдзіны нашага свету, беларускі погляд на рэчаіснасць.

А як выглядаем мы звонку?

«Жывыя людзі. Мінск»

— так завецца фотавыстава, што праходзіць гэтымі днямі ў галерэі «Ў». Яе аўтар — славуты крэатыўнік, выбітны адмысловец у рэкламе, чыё імя ведама ў цэлым свеце, — Ігар Ганжа. Перш чым прыйсці ў прафесію, ён быў вайсковым інжынерам-эклектроншчыкам. Сваё першае рэкламнае агенцтва «Пілот Медыя» Ганжа заснаваў у 1994 годзе.

І яно тады месцілася ў маленькім пакойчыку пад лесвіцай і складалася з двух чалавек. А сёння Ігар Ганжа — крэатыўны дырэктар буйной кампаніі. Ён мае багата прызоў з разнастайных рэкламных фэстаў. Гэта Ганжа распрацоўваў рэкламныя кампаніі для Merсedes-Benz, Bosch, Philip Morris, Optima Electrolux ды інш. А тады заняўся для душы фотамастацтвам!

А вось ідэя праекта «Жывыя людзі» нарадзілася ў Ігара Ганжы ў 2009 годзе, а ў красавіку 2010 года творы з праекта «Жывыя людзі» Ганжы сфармавалі выставу на Маскоўскай фотабіенале.

Тады ж выспела ідэя стварыць галерэю партрэтаў культурных герояў Беларусі. «Жывыя людзі» — гэта нізка партрэтаў людзей, якія актыўна ўздзейнічаюць на нашу рэчаіснасць, фармуюць культурны і грамадскі ландшафт вакол сябе, ствараюць тое, што мы прывыклі называць атмасферай.

У разуменні аўтара, «жывыя людзі» прыцягваюць сваімі ідэямі іншых «жывых людзей», але перадусім робяць жыццё вакол сябе жывым. Сярод удзельнікаў праекта «Жывыя людзі. Мінск» вы сустрэнеце Руслана Вашкевіча і Адама Глобуса, Артура Клінава і Валянціна Акудовіча... Цікава пабачыць, якімі бачымся мы звонку вачыма чалавека, не заангажаванага ў нашы справы...

У творах Ганжы няма ідэалізацыі, адрэтушаваных, глянцавых вобразаў. Здымаючы герояў у камфортнай для іх атмасферы, размаўляючы на блізкія і важныя для іх тэмы, аўтар стварае самы жывы партрэт.

«Цаца ёсць Цаца»

А Музей сучаснага мастацтва прадставіў 15 лютага выставу твораў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва «Цаца ёсць Цаца». З даўніны чалавек ствараў прадметы побыту, адметныя сваімі мастацкімі якасцямі, асаблівай прыгажосцю і цеплынёй матэрыялаў. І ў панскіх маёнтках, і ў сялянскіх хатах на Беларусі абагаўлялі хараство, што ў старажытнасці мела сваю багіню, — Цацу. Ад гэтага і сама выстава завецца «Цаца ёсць Цаца», ад усёабдымнага нашага слова — Цаца. Мы добра памятаем з дзяцінства: як толькі нарадзілася немаўля, вусна яму тлумачылі, што сонейка — гэта цаца, кветачка — гэта цаца, птушачка — гэта цаца…

На выставе «Цаца ёсць Цаца» экспануецца сама ідэя хараства, якая адпавядае адчуванню гармоніі з прыродай.

У экспазіцыі прадстаўленыя творы сямі мастакоў: Тамары Васюк, Наталлі Сухаверхавай, Алы Непачаловіч, Максіма Калтыгіна, Алега Ткачова, Вольгі Рэднікінай, Уладзіміра Лісавенкі. Творцы працуюць у адрозных напрамках — у галіне керамікі, габелена і мастацкага ткацтва, але іх погляды аб’ядноўвае супольная ідэя працы са спрадвечнымі матывамі. На гэтую выставу варта схадзіць усёй сям’ёю, з дзецьмі і бацькамі. Каб спрычыніцца да цацачнага хараства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?