У Сусветны дзень паэзіі 21 сакавіка ў Мінску названыя лаўрэаты літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

У намінацыі «Паэзія» лаўрэатам стаў Віталь Рыжкоў за зборнік паэзіі «Дзверы, замкнёныя на ключы» (Мінск, «Логвінаў»), у намінацыі «Проза» — Наталка Харытанюк за кнігу «Трынаццаць гісторый пра мёртвага катА» (Мінск, «Логвінаў»), у намінацыі «Мастацкі пераклад» — Наста Лабада за пераклад са шведскай кнігі Тувэ Янсан «Маленькія тролі і вялікая паводка» (Мінск, «Зміцер Колас») і Вольга Цвірка за пераклад са шведскай кнігі Мікаэль Ніэмі «Папулярная музыка зь Вітулы» (Мінск, «Логвінаў»).

Да разгляду журы прымаліся дэбютныя кнігі, напісаныя па-беларуску аўтарамі ва ўзросце да 35 гадоў і выдадзеныя на працягу 2010 года, а таксама грунтоўныя часопісныя і газетныя публікацыі. Паводле словаў старшыні ПЭН-цэнтра Андрэя Хадановіча, прэмія не толькі ўшаноўвае дэбютантаў, але і бясспрэчнае месца на айчынным літаратурным пантэоне Максіма Багдановіча.

Хадановіч выказаў надзею, што прэмія стане штогадовай і будзе ўручацца ў тых жанрах, у якіх працаваў Багдановіч.

Удзельнікі вечарыны ўшанавалі памяць філосафа, выкладчыка, энцыклапедыста і выдаўца Аляксандра Грыцанава, які пайшоў з жыцця 21 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?