Сёння — дзень народзінаў Марка Твэна
(1835–1910) — любімага пісьменніка цэлых пакаленняў. Яго творы, пачаўшы «Прыгодамі Тома Соера», можна чытаць з дзяцінства да глыбокай старасці — на кожны ўзрост у Твэна што-небудзь ды знойдзецца.

На беларускую мову Марка Твэна пачалі перакладаць яшчэ ў 1920-я.

Адным з першых да яго твораў звярнуўся Макар Краўцоў — стваральнік гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Перакладзеная ім аповесць Марка Твэна «Прынц і жабрак» выйшла кніжкай у 1928 г. у «Віленскім выдавецтве» Б. Клецкіна.

Пражыўшы досыць трагічнае жыццё (а Марк Твэн — Самюэль Клеменс — перажыў сваіх дзяцей), ён не губляў выратавальнага гумару, які — адзнака цвёрдасці духу.

Многія выпадкі з яго жыцця зрабіліся літаратурнымі анекдотамі.

* * *

Аднойчы Марк Твэн атрымаў ананімны ліст, у якім было толькі адно слова «Свіння». На наступны дзень у сваёй газеце ён змясціў адказ: «Звычайна я атрымліваю лісты без подпісаў. Учора я ўпершыню атрымаў подпіс без ліста».

* * *

Цікавячыся лёсам свайго рукапісу, Марк Твэн зайшоў да выдаўца.

— Хачу вас папярэдзіць, — сказаў выдавец, праглядаючы рукапіс, — што я плачу аўтарам ганарар у залежнасці ад якасці іх твораў.

— О, я ніколі не думаў, што атрымаю такі вялікі ганарар! — усклікнуў пісьменнік.

* * *

На адным з прыёмаў Марк Твэн гутарыў з дамай. У яго быў добры настрой, і ён сказаў:

— Вы чароўная.

Няветлівая асоба адказала:

— На жаль, я не магу вам аддзячыць такім жа кампліментам.

Пісьменнік засмяяўся:

— А вы зрабіце, як я: зманіце!

* * *

Марк Твэн зайшоў у купэ, у якім сядзеў адзіны пасажыр, хоць вагон быў перапоўнены. Пасажыр сказаў:

— Я павінен вас, сэр, папярэдзіць, каб вы не сядалі ў гэта купэ. Справа ў тым, што ў мяне вострыя формы шкарлятыны і дыфтэрыту.

— Нічога, — сказаў Марк Твэн, уладкоўваючыся зручней. — Я ўсё адно вырашыў скончыць жыццё самагубствам у адным з бліжэйшых тунэляў.

* * *

Калі Марк Твэн стаў вядомым пісьменнікам, яму пачалі прыходзіць лісты з просьбай аб дапамозе. Неяк з аднаго мястэчка прыйшоў ліст, у якім магістрат прасіў даслаць грошай на будаўніцтва сцяны для гарадскіх могілак. Марк Твэн адказаў:

— Лічу ваш праект непатрэбным. Тыя, хто на могілках, ужо не могуць з іх выйсці, а тыя, хто за яго сценамі, не маюць ніякага жадання туды патрапіць.

* * *

У газеце, якую Марк Твэн рэдагаваў, надрукавалі востры артыкул пра аднаго прайдзісвета. Артыкул сканчаўся: «Містэр Н. не заслугоўвае і таго, каб яму плюнуць у твар». Містэр Н., натуральна, пакрыўдзіўся і падаў у суд, які пастанавіў, каб газета дала абвяржэнне. Выконваючы волю суда, Марк Твэн надрукаваў такую аб’яву: «Што тычыцца артыкула пра містэра Н., змешчанага ў нашай газеце, то мы змянілі сваё меркаванне і заяўляем:" Няпраўда, што містэр Н. не заслугоўвае таго, каб яму плюнуць у твар, наадварот, містэр Н. заслугоўвае таго, каб яму плюнуць у твар».

* * *

Прыехаўшы ў адну з лонданскіх гасцініц, Марк Твэн ўбачыў у кнізе рэгістрацыі прыязджаючых адзнаку: «Лорд Л. з камердынерам». Пісьменнік у сваю чаргу напісаў: «Марк Твэн з чамаданам».

* * *

Марк Твэн напісаў аднаму юнаку, які скардзіўся, што бацькі яго не разумеюць: «Пацярпіце! Калі мне было чатырнаццаць гадоў, мой бацька быў такі дурны, што я з цяжкасцю пераносіў яго. Але калі мне споўнілася 21 год, я быў здзіўлены тым, наколькі гэты стары чалавек паразумнеў».

* * *

Аднойчы Марк Твэн атрымаў пачак дрэнных вершаў пад загалоўкам «Чаму я жывы?». Вяртаючы рукапіс невядомаму паэтаў, Марк Твэн напісаў яму: «Таму, што паслалі вершы поштай, а не прыйшлі ў рэдакцыю асабіста».

* * *

Аднаму маладому аўтару Марк Твэн вярнуў рукапіс з такой прыпіскай:

«Дарагі дружа! Аўтарытэтныя лекары рэкамендуюць асобам разумовай працы есці рыбу, бо гэты прадукт сілкуе фосфарам мозг. Я ў гэтых справах прафан, але, мяркуючы па Вашым рукапісе, мне здаецца, што два кіты сярэдняй велічыні не будуць для Вас празмерным рацыёнам».

* * *

Сустракаючыся з чытачамі, Марк Твэн звычайна распавядаў смешныя гісторыі, весяліў аўдыторыю. Аднойчы ён шпацыраваў па вуліцы маленькага мястэчка, дзе ў гэты вечар яму трэба было чытаць лекцыю. Пісьменніка спыніў малады чалавек і сказаў, што ў яго ёсць дзядзька, які ніколі нават не ўсміхаецца. Марк Твэн прапанаваў прывесці дзядзьку на яго лекцыю, паабяцаўшы, што абавязкова прымусіць таго засмяяцца.

Увечары малады чалавек і яго дзядзька сядзелі ў першым шэрагу. Марк Твэн звяртаўся проста да іх. Ён распавёў некалькі смешных гісторый, але стары ні разу нават не ўсміхнуўся. Тады пісьменнік пачаў расказваць самыя смешныя гісторыі, якія ведаў, але твар старога па-ранейшаму заставалася сур’ёзным. У рэшце рэшт цалкам знясілены Марк Твэн пакінуў сцэну. А праз некаторы час распавёў свайму сябру пра гэты выпадак.

— О, — сказаў той, — не хвалюйся. Я ведаю гэтага старога. Ужо шмат гадоў, як ён абсалютна глухі.

* * *

У адной кампаніі ішла размова аб росце злачыннасці ў Амерыцы, аб нападах рабаўнікоў, якія пачасціліся і сродках абароны ад іх. Марк Твэн заўважыў з гэтай нагоды:

— Калі вы ў цемры паблытаеце сваю жонку з рабаўніком і стрэліце, то абавязкова яе заб’яце. А калі гэта сапраўды будзе рабаўнік — вы дакладна не пацэліце.

* * *

Калі Марк Твэн быў рэдактарам газеты, аднойчы да яго прыйшоў нейкі аўтар. Пад вокам у яго быў велізарны сіняк. Марк Твэн ўважліва прачытаў яго рукапіс. Потым спагадліва спытаў:

— Ах, сэр, я вас выдатна разумею. У якой жа рэдакцыі вы прапанавалі свой твор, перад тым як прыйсці да мяне?

* * *

Падарожнічаючы па Францыі, Марк Твэн ехаў цягніком у горад Дыжон. Гэта была не канцавая станцыя, і пісьменнік папрасіў правадніка пабудзіць яго своечасова:

— Я вельмі моцна сплю. Калі вы будзеце мяне будзіць, можа быць, я буду крычаць. Не звяртайце на гэта ўвагі і абавязкова высадзіце мяне ў Дыжоне.

Калі Марк Твэн прачнуўся, было ўжо раніца і цягнік падыходзіў да Парыжу. Пісьменнік зразумеў, што праехаў Дыжон, і вельмі раззлаваўся. Ён пабег да правадніка і стаў яго лаяць.

— Я ніколі не быў такі злы, як зараз! — крычаў ён.

— Вы не так моцна злуйцеся, як той амерыканец, якога я ўначы высадзіў у Дыжоне, — здзівіўся праваднік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?