Так піша літоўская студэнтка Эгле Грабаўскайтэ пасля наведвання Беларусі.

Спачатку пра цыгарэты і іншыя рэчы

Выпраўляючыся ў іншую краіну, заўсёды спадзяешся знайсці што-небудзь іншае, чаго няма ў крамах тваёй краіны або што-небудзь таннейшае/даражэйшае, чым у тваёй краіне. Можа быць, не варта пісаць пра рэчы ў пачатку сачынення, але якраз рынкавы турызм і папулярны як сярод літоўцаў, якія едуць у Беларусь, так і сярод беларусаў, якія прыязджаюць у Літву. Я звярнула ўвагу на некалькі груп тавараў і размеркавала свае заўвагі на групы:

У Літве няма бярозавага соку. Ён смачны, толькі незразумела, што гэта за прадукт і як яго робяць. Таксама няма чыпсаў (і добра, што няма) са смакам крабаў і ікры. Мазі ад болю з пчаліным ядам.

У Літве ёсць, але ў Беларусі нашмат таннейшыя цыгарэты і алкаголь (толькі мясцовай вытворчасці, нават дрэнны імпартны алкаголь каштуе даражэй, чым у Літве), бензін.

У Літве штодзённасць, у Беларусі раскоша: літоўская касметыка, ганарліва расстаўленая на паліцах аптэкі сярод прадукцыі вядомых заходніх фірмаў.

Усюды ёсць, у Беларусі дорага: хм… астатняя частка тавараў. Можа, тут я перабольшваю, але звярнула ўвагу на мясныя прадукты. Кілаграм свінога фаршу каштаваў 22 літы! (Тым, каму гэта ні пра што не кажа: у Літве ён каштуе 14–16 літаў, дзе-нідзе танней). Вэнджаныя каўбасы, рулеты — 22–26 літаў, як і ў Літве. Адзенне ў параўнанні з нашымі цэнамі дарагое, а ў параўнанні з іх заробкам — вельмі дарагое. Цэны на касметыку такія ж, як і ў Літве, а я так спадзявалася купіць расійскую касметыку танней…

Пра ўніверсітэт

Я думала, расказваць з іроніяй ці не саромеючыся ліць слёзы… Іх сістэма навучання, мяне, студэнтку Універсітэта імя Вітаўтаса Вялікага, проста агаломшыла. Сістэма навучання ў літоўскіх вышэйшых школах засмучае, таму што студэнтаў заціскаюць у вузкія рамкі. Дарэчы, у гэтай краіне я ўжо была летам 2009 года і зразумела, што свабоды і выбару там мала — на жаль, шоку ад гэтага не стала менш. Калі тры гады таму мы былі ў Брэсцкім універсітэце, студэнты ўсталі, калі выкладчык зайшла ў аўдыторыю. Вельмі прыемна, што яны так паважаюць свайго выкладчыка, веру, што яна вельмі добры і кампетэнтны выкладчык, але… разумееце, што я маю на ўвазе.

Такім чынам, на сустрэчу з намі студэнты Гродзенскага ўніверсітэта прыйшлі па ўказанні, вялікая частка ведала толькі адну мову — рускую, другая частка — дзве мовы, рускую і беларускую. Гісторыю студэнты вывучаюць з адзінага для ўсёй краіны падручніка (а я часам скардзілася, што мог бы і ў нас які-небудзь падручнік з’явіцца — mea culpa — больш так ніколі не скажу) і вывучэнне гуманітарнай навукі ў іх азначае зубрэнне. І гэта яшчэ не ўсё! Яны часта карыстаюцца савецкай літаратурай, таму што іншай проста няма. Думаю, яна ёсць, але на іншых мовах, якіх студэнты не ведаюць і іх вывучэнне не толькі не заахвочваецца, але заахвочваецца невывучэнне.

На жаль, даўжэй пагутарыць са студэнтамі сам-насам у вальнейшай абстаноўцы не атрымалася, але і падчас афіцыйнай сустрэчы адзін з іх спытаў, як атрымаць палітычны прытулак у Літве…

Пра работу

Афіцыйна сцвярджаецца, што ўзровень беспрацоўя ў Беларусі не дасягае і 2%, але падчас знаходжання там і без спецыяльных даследаванняў узнікае падазрэнне, што з іх працоўнымі месцамі нешта не так. Мноства людзей займаецца грамадскай працай, каб атрымаць дапамогу. Іх так шмат, што яны бяруцца за працу дзеля працы. У палях мы бачылі рабочых, якія фарбуюць бетонныя электрычныя слупы. У нас было некалькі версій: можа беларускія бабры грызуць бетон або слупы фарбуюцца, каб п’яны трактарыст на іх не наехаў, але гэтыя сцэнары не вельмі пераканаўчыя, у нас не хапіла фантазіі. Такім чынам, людзі проста натоўпамі мятуць, фарбуюць і ўсяляк упрыгожваюць горад. Надта ж увесь гэты вобраз нагадвае сцэну з «Лесу багоў», дзе зняволеныя пераносяць галіны з адной кучы ў іншую — праца вызваляе!

Лукашэнка, Лукашэнка, Лукашэнка!

Што я хацела гэтым сказаць? Папраўдзе кажучы, нічога, проста карыстаюся магчымасцю называць якія хачу імёны ў якім хачу кантэксце. Цягам гэтых трох дзён напаўжартам, напаўсур’ёзна мы імкнуліся не называць прозвішча Лукашэнкі — ён быў правадыр ці мой самы любімы, таму таемна спадзяюся, што ў Школу вядзьмарства (Hogvarts) ён не запрасіў мяне ад непаразумення — той, чыйго імені нельга называць. Калі сур’ёзна, было дзіўна бачыць разгубленыя твары людзей, якія турбаваліся або шукалі магчымасці ўнікнуць непрыемнай сітуацыі, калі мы, забыўшыся на правілы, пыталіся ў іх пра палітыку.

Замест высноваў

Я прывезла з Беларусі цяжкавытлумачальнае пачуццё. Я спрабавала апісаць яго часцінку, але адчуваю, што не атрымалася. Я адчула нявольную краіну і яе зняволеных грамадзян, спалоханых, у якіх маленькі выбар, з апушчанымі рукамі і немагчымасцю самавыявіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?