Аб раскрыцці змовы паведаміла пракуратура штата Джорджыя. Паводле звестак пракуратуры, як мінімум чатыры змоўшчыкі планавалі захапіць склады ўзбраенняў у Форт-Сцюарце, падарваць будынак Упраўлення ўнутранай бяспекі і гідразбудаванні ў Вашынгтоне. Пасля гэтага меркавалася здзейсніць замах на прэзідэнта Абаму і, як вынік, дзяржаўны пераварот у ЗША.

Следства ўстанавіла, што затрыманыя ўваходзілі ў групоўку радыкальнага толку «Навекі несмяротныя, заўжды гатовыя». Абвінавачаныя, як адзначыла пракуратура, не хаваюць вострай непрыязнасці да дзейнага кіраўніка дзяржавы. Як яны адкрыта казалі, «цемнаскураму прэзідэнту з чужаземным імем — не месца ў Белым доме».

На рахунку групоўкі — як мінімум два забойствы. Яны ліквідавалі свайго былога сябра, які ўзяў грошы на дзейнасць, але адышоў ад хаўрусу. Пры гэтым загінула і ягоная непаўналетняя сяброўка.

У саміх ЗША гэтай навіне вялікай увагі не надаюць. У фокусе грамадскай цікавасці цяпер — з’езд Рэспубліканскай партыі, што мае вылучыць Міта Ромні і Пола Раяна на прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта краіны. Амерыканцы таксама сочаць за ўраганам «Айзэк», што абрынуўся на поўдзень краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?