Прэм`ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння на паседжанні Савета міністраў жорстка раскрытыкаваў працу ўрада. Па словах прэм`ер‑міністра, першы квартал 2007 года стаўся «цалкам правальным» па праблеме рэалізацыі бытавой тэхнікі прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасці, а «Белдзяржхарчпрам» фактычна стагнуе. Больш за тое — «Белнафтахім» па выніках 1 квартала не дабраў з балансу паліўна‑энергетычных рэсурсаў больш за 1 млн тон нафты.

Паводле дадзеных, прыведзеных прэм`ерам, у 4,4 разы павялічыліся складскія запасы халадзільнікаў, каля 200% — запасы пральных машын, «фактычна можна казаць пра страту тэлевізійнага рынку для айчынных тэлевізараў», — сказаў С.Сідорскі.

Прэм`ер‑міністр Беларусі выказаў рэзкую крытыку працы прадпрыемстваў канцэрна «Белдзяржхарчпрам» і заявіў пра фактычную стагнацыю галіны.

«Фактычна галіна «Белдзяржхарчпраму», прыкрываючыся цукровымі праблемамі, стагнуе», — сказаў С.Сідорскі.

Прэм`ер‑міністр заявіў, што кіраўніцтва канцэрна спрабуе перавесці ўсе праблемы «ў цукар». «Што, няма іншых праблем? Ёсць», — сказаў кіраўнік урада, падкрэсліўшы, што ў 1‑м квартале маргарынавай прадукцыі выраблена толькі 77% ад плану, мыла — 70—58%, кандытарскіх вырабаў — менш за 100%. «Цукрам гэтая тэма не закрываецца», — падкрэсліў прэм`ер‑міністр.

С.Сідорскі таксама нагадаў, што раней патрабаваў разабрацца ў вытворчасці і завозе зубной пасты, зазначыўшы, што ў 1 квартале завезеныя 4,3 млн туб.

Акрамя таго, канцэрн «Белнафтахім» па выніках 1 квартала не дабраў з балансу паліўна‑энергетычных рэсурсаў больш за 1 млн тон нафты, заявіў Сяргей Сідорскі.

«У студзені мы мелі адставанне 700 тыс. тон з прычыны адсутнасці паставак нафты, але чаму па выніках мы не здолелі забраць па графіку балансу больш за 1 млн тон», — задаў пытанне прэм`ер‑міністр, запатрабаваўшы ад канцэрна даць адказ, як будзе ліквідавацца адставанне.

Прэм`ер‑міністр разам з тым адказаў, што беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы выпрацавалі механізм набыцця нафты за крэдытныя рэсурсы. «Цягам 1 квартала нашы заводы змушаныя былі набываць нафту за крэдытныя рэсурсы і нашы прадпрыемствы з гэтым зладзіліся», — адзначыў прэм`ер‑міністр.

Здымак БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?