Па выніках 2012 года Казахстан і Беларусь плануюць давесці аб’ём узаемнага гандлю да 1 мільярда долараў ЗША.
Пра гэта заяўлена 8 лістапада на дзявятым пасяджэнні казахстанска-беларускай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, што праходзіць у Астане, паведаміў віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы, паведамляе агенцтва Казинформ.

«Па выніках дзевяці месяцаў гэтага года аб’ём узаемнага гандлю склаў каля 727 мільёнаў долараў і павялічыўся на 17 працэнтаў. Чакаем, што да канца года аб’ём узаемнага гандлю дасягне знакавай рысы ў адзін мільярд долараў», — сказаў Русы.

Ён зазначыў, што ў гандлі дзвюх краін існуе дысбаланс, і выказаў гатоўнасць выправіць гэту сітуацыю.

Як мяркуе Русы, рост казахстанскага імпарту можна забяспечыць за кошт аднаўлення ў Беларусь паставак вуглевадароднай сыравіны, нафтапрадуктаў для перапрацоўкі на беларускіх прадпрыемствах.

«Гэтаму будзе садзейнічаць найхутчэйшае падпісанне міжурадавага пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў сферы паставак нафты і нафтапрадуктаў», — дадаў віцэ-прэм’ер Беларусі.

Ён таксама адзначыў зацікаўленасць беларускага боку ў інвестыцыйным узаемадзеянні. «Мы чакаем прыходу казахскага капіталу ў Беларусь і яго ўдзелу ва ўзаемавыгадных праектах», — сказаў Русы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?