СЛОЎНІК ПАНЯЦЬЦЯЎ

 

§2. Словы В.Акудовіча «мяне няма» і беларуска-расейская інтэграцыя.

На транспарце, у крамах і вёсках, іншых мясцох засяроджаньня народу ліецца, пеніцца і струменіцца мова. «Краіну развалілі, — гнеўна кажа кіроўца аўтобуса, — усё раскрадаюць. Эх, каб мы яшчэ ў Расеі жылі, там у іх зарплата вялікая». Калі канчаецца зьмена, гэты самы шафёр прадае налева дызэльнае паліва, «бо жыць жа неяк трэба», і лічыць прыбытак ад продажу «левых» талёнчыкаў – сёньня яго хапае на абед. Сельскі работнік, запоўніўшы ўвосень жытам і буракамі засекі дзяржавы, выносіць дзеля ўласных патрэбаў з калгасных палёў калгасныя ж караняплоды, расьцягвае з мэтай асабістага ўзбагачэньня машынны парк гаспадаркі, мармычучы сабе пад нос: «Якую краіну разбурылі... Як жа нам цяпер адным, паасобку... А там яны ў Менску ўсё пакралі, такія палацы будуюць». Даярка Зося, рашчыняючы ўжо на першай стадыі вытворчасьці малочных прадуктаў малако нейкай бясколернай вадкасьцю, нясьмела дадае да гэтага: «Затое які ў нас прэзыдэнт харошы».

На нашых вачох паўстае новы неклясычны фальклёр, які характарызуецца ўстойлівым адзінствам сваіх жанравых формаў – у строгім сэнсе, у межах парадыгмы карпаратыўнага мысьленьня адбываецца цыркуляцыя адных і тых першаўзораў моўнай практыкі. «Развалілі вялікую краіну», «пакралі ўсё», «няма як чэснаму чалавеку пражыць», «колькі гэта яшчэ можа прадаўжацца» — гэта адно бясконцае рытуальнае галашэньне, і няма, як правіла, сэнсу ўступаць у спрэчку зь яго выразьнікам. Ён настолькі заняты сваім эмацыйным парывам, што проста ня бачыць многага вакол сябе. Падобнае пачуцьцёвае ўзрушэньне не скрыжоўваецца, аднак, з абсягам каштоўнасных арыентацыяў – колькі роту ні гаварыць, а рукі бяруць сваё. Невыпадкова, што ў нас гэтак цяжка прыжываецца «дух капіталізму» — бо сфэра вуснай народнай творчасьці слаба ўплывае на сфэру практычнай ці, інакш, прыкладной этыкі, і наадварот.

Эсэ беларускага філёзафа В.Акудовіча «Хто я? альбо Мяне не было, няма, ня будзе» якраз і прыцягвае ўвагу пераламленьнем велічыні першапачатковага камунікацыйнага пасланьня ў прызьме яго ўспрыманьня рэцыпіентамі. Вырванае адтуль з кантэксту (нагадаем, што ў сваім досьледзе Акудовіч аналізуе дыскурсійныя фармацыі, закранае пытаньні экзыстэнцыі чалавека ў сучасным сьвеце, і праца мае выразна нігілістычныя падтэксты «канца чалавека і чалавецтва»), вульгарна пераасэнсаванае і, нават, адвольна дадуманае выказваньне «мяне няма», за якім нібыта стаіць аўтарства В.Акудовіча, неспадзявана часта замільгацела на старонках беларускага друку.

Такая частасьць ужываньняў красамоўна сьведчыць аб тым, што гэтым словам надаецца новы непаўторны сэнс. «Мяне няма», прамоўленае ва ўмовах палітычнай рэакцыі, калі існаваньне нацыі зноў пастаўлена пад сумнеў, гучыць як калектыўны выдых, як канстатацыя паразы, як адмова ад якіх-любя дзеяньняў на ўмацаваньне незалежнасьці.

Параноя расейскай інтэлігенцыі «што рабіць?» і «хто вінаваты?» праз стагодзьдзе згукнулася ціхім беларускім «мяне няма».

Валерка Булгакаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0