УЧК сёньня — рэгулярная армія

 

Яшчэ нядаўна нават альбанскае насельніцтва амаль не заўважала Арміі вызваленьня Косава (УЧК). Прэзыдэнт касавараў Ібрагім Ругова ня раз выказваў падазрэньні, што УЧК дзеіць як інструмэнт сэрбскай палітыкі, што гэта правакатары, якія даюць падставу для апраўданьня этнічных чыстак. Але зь леташняга чэрвеня з УЧК пачалі наладжваць кантакты прадстаўнікі міжнароднай супольнасьці. Хутка Ругова стаў адыходзіць на задні плян. У Рамбуе ён ужо сядзеў у дэлегацыі на роўных з УЧК. Кіраўніком жа альбанскай дэлегацыі быў сябар палітычнага крыла УЧК Х.Тачы. Ён, меркавалася, і стане кіраўніком будучага ўраду Косава. Цяпер, калі Ругова застаецца «ў бясьпецы ў сваім доме і пад аховай сэрбскай паліцыі» ды цісьне руку Мілошавічу, шмат хто на Захадзе прапануе разглядаць УЧК як адзінага прадстаўніка косаўскіх альбанцаў. У гэтым інтэрвію нямецкай газэце «Тагесцайтунг» замежны прадстаўнік УЧК Сабры Кічмары выясьняе пазыцыю свайго войска, прыадчыняючы заслону над УЧК. Як кажуць відавочцы, яе шыхты буйнеюць: спэцыяльныя аддзелы правяраюць уцекачоў і мабілізуюць мужчынаў.

 

— Што такое УЧК — партызанскае войска, на чале якога стаяць палявыя камандзіры?

— Ад 1993 г. мы разьвіліся ў рэгулярнае войска з акрэсьленымі камандавымі структурамі. УЧК мае, побач з вайсковымі, яшчэ шэраг падпольных арганізацыяў, так званых дырэкторыяў. Ёсьць палітычная дырэкторыя, інфармацыйная, сакрэтная служба. УЧК была заснаваная ўлетку 1993 г. Але ўжо да таго некаторыя незалежныя адна ад адной групы вялі ўзброеную барацьбу. Штуршком да заснаваньня УЧК стала абмеркаваньне міжнароднай супольнасьцю мірнага пляну для былой Югаславіі. Тады была пацьверджаная незалежнасьць Босьніі і Македоніі, але не зьмяніўся статус Косава як часткі Сэрбіі. Узброеныя акцыі мусілі паказаць, што касавары ня мірацца з гэтым статусам, а дамагаюцца незалежнасьці. Неўзабаве пасьля гэтага «Нацыянальны рух Косава» абмеркаваў пытаньне ўзброенага змаганьня. Частка яго сяброў стварыла разам з шэрагам беспартыйных УЧК. Сябры арганізацыі ня ведалі адзін аднаго, апрача ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту.

 

— Лічылася, што УЧК заснаваная альбанцамі ў выгнаньні і адтуль кіруецца.

— Не. УЧК паўстала менавіта ў Косаве. Але з самага пачатку былі й сябры арганізацыі за мяжой. Асобныя байцы з-за мяжы нават уведзеныя ў генэральны штаб.

 

— У гадох ’95—96-м УЧК забівала й касавараў.

— З-за спробаў сэрбскай сакрэтнай службы інфільтраваць сваіх агентаў УЧК мусіла змагацца ня толькі супраць жаўнераў і паліцыянтаў, але й супраць тых альбанцаў, што супрацоўнічалі з сэрбамі. Генштаб УЧК сьпярша правяраў дзейнасьць гэтых калябарантаў і пасьля таго, як віна была даказаная, аддаваў загад на зьнішчэньне.

 

— Шмат хто сьцьвярджае, што УЧК мае базы ў Альбаніі. Як паставілася яно да адстаўкі прэзыдэнта Салі Бэрышы? Ці Вам лёгка сёньня дзейнічаецца на поўначы Альбаніі, у рэгіёне, кантраляваным Бэрышам?

— Што да альбанскай дзяржавы, існуе цьвёрдая лінія: УЧК ня ўмешваецца, яно паважае тамтэйшыя дзяржаўныя органы, яно не прымае бок той ці іншай палітычнай плыні. УЧК ня ўмешвалася таксама пад час паўстаньняў у 1997 г. Пазыцыі Бэрышы былі вельмі блізкія да поглядаў партыі Руговы. Цяпер УЧК падтрымліваюць як на поўначы, так і на поўдні. Транспартныя шляхі праходзяць аднак праз паўночны рэгіён, да таго ж там ёсьць шмат сямейных повязяў.

 

— УЧК пачало ўзімку ’97—98 г. абвяшчаць пэўныя раёны «вызваленымі». Як Вы ставіцеся да такой стратэгіі?

— Увосень 1997 г. мы яшчэ й ня думалі пра вызваленыя раёны. Думалі толькі пра тое, каб адкрыта паказаць сябе насельніцтву. Паколькі Ругова тады цьвердзіў, што намі кіруюць з сэрбскага боку, дык мы мусілі давесьці, што гэта ня так. У кастрычніку 1997 г. забілі байца УЧК, што насіў уніформу. Пры канцы лістападу прадстаўнік УЧК прамовіў над труной забітага сэрбамі настаўніка. А ў лютым 1998 г. адбылася першая масакра сям’і, што ня мела дачыненьня да УЧК. Сэрбская стратэгія палягала ў тым, каб такім чынам пасеяць страх між альбанцаў і ізаляваць УЧК. Але вынік быў адваротны. З-за такіх нападаў насельніцтва ўзялося за зброю.

 

— УЧК сёньня — гэта народнае войска? Наколькі яно моцнае?

— Мы ані партызанка, ані народная армія. Мы сталі прафэсійнай арміяй. УЧК мае акрэсьленую кіраўнічую структуру, выпрацаваную стратэгію і ясную мэту — незалежнасьць Косава.

Падрыхтаваў Сяргей Богдан, Маладэчна


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0