Пляцдарм для рэзэрвіста

Мікола Статкевіч ідзе на выбары

 

Рашэньне аб працягу ўдзелу ў выбарах лідэр БСДП (НГ) назваў “цяжкім” і прыняў яго ранкам таго дня, калі яно было абвешчана прэсе. Сваю ранейшую заяву пра магчымае зьняцьцё ўласнай кандыдатуры Статкевіч прызнаў памылковай.

“9 кандыдатаў ад БСДП, адхіленых ад удзелу ў выбарах, лічаць, што сваім сыходам я “падстаўляю” іх”, — заявіў М.Статкевіч.

Адной з праяваў таго, што ўлада падштурхоўвае яго да зьняцьця сваёй кандыдатуры, Статкевіч назваў напад на офіс БСДП. Маладыя сацыял-дэмакраты Ірына Кашталян, Леанід Гарбачоў, Мікалай Худніцкі і Раман Ляўкоўскі, што былі ў сядзібе ў часе нападу, правялі на допытах у міліцыі ад 10 да 13 гадзінаў, усіх іх пагражалі выключыць з ВНУ. Найдаўжэй дапытвалі Р.Ляўкоўскага. На думку М.Статкевіча, з-за таго, што той у час нападу невядомых пазнаў марку пісталета, якім пагражалі злачынцы. Раману, сыну афіцэра, падалося, што гэта быў “пісталет Сьцечкіна”, даволі рэдкая мадэль, якая ёсьць на ўзбраеньні толькі КДБ ды службы аховы прэзыдэнта. Гэтая заўвага дазволіла грамадоўцам зрабіць пэўныя высновы: Статкевіч упэўнены, што ўправу партыі абрабавалі тыя самыя сілы, якія займаліся выкраданьнем апазыцыйных палітыкаў. “Гэта якраз у стылі аднаго з падразьдзяленьняў, начальнік якога толькі што пайшоў на павышэньне”, — уважае М.Статкевіч (намякаючы на новага галаву МУС Навумава.)

Статкевіч бачыць ува ўдзеле ў выбарах стратэгічную мэтазгоднасьць: “Відавочна, што на прэзыдэнцкіх выбарах, калі не адбудзецца зьменаў у заканадаўчым органе і ягоных паўнамоцтвах, будзе абраны шлях недапушчэньня дэмакратычных кандыдатаў да выбараў”. Таму, паводле лідэра Народнай Грамады, апазыцыя мусіць “стварыць для сябе пляцдарм” ува ўладных структурах. “Ствараецца ўражаньне, што існуе нейкі плян па фармаваньні недзяржаўніцкай і небеларускай сыстэмнай апазыцыі”, — кажа М.Статкевіч. У барацьбе з рэжымам, думае ён, трэба шукаць розныя шляхі, меркаваньні нельга падзяляць на “маё” і “здрадніцкае”, інакш “наша адзінства будзе нагадваць адзінства брацкай магілы”. “Вельмі ўтульна сядзець у рэзэрвацыі, якая завецца “аб’яднаная апазыцыя”, — мяркуе Мікола Статкевіч. Сам жа ён жадае “выйсьці туды, дзе вецер”. У чый бок той вецер падзьме ўрэшце?

Т.С.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0