Славамір Адамовіч
* * *
…А не для гномікаў партыі –
для сябе здабываю Свабоду,
каб жыла яна ў сэрцы, упартая,
каб зьнішчала плябейства пароду.
Свабода мая ня кніжная,
ня тая, калі ўсё, што хочацца,
можна рабіць і пыжыцца,
і лярвай у ложку варочацца.
Свабода мая вызвольная
ваўчыцай цяжка параненай
выходзіць з лагва падпольнага
і ўецца незаарканенай.
Свабода мая Беларуская
крывёю чыстай крывавіцца
і стужкай вузенька-вузкаю
сьцякае па белай правіцы…
Белы марш
Марш-марш, нас тысячы,
рукі ў замок,
воляю трызьнячы,
мераем крок.
Юныя, моцныя
цягліцы плеч.
Мы паўнамоцныя,
іншыя – прэч!
Воды расталыя,
вецер з Дняпра.
Зь верай паўсталыя,
крыкнем: “Ура!”
Мокра на дворышчах,
сьветла ў душы,
ворагаў зборышчы
сьмела крышы.
Гэй жа, зьвязовы,
хутчэй запявай
песьню маршовую
за родны Край!
Асацыяцыі
ў кантэксьце “беларускага пытаньня”,
выкліканыя пільным позіркам незнаёмкі
на адным паліталягічным сэмінары
Свой позірк скрыжаваўшы нечакана
з тваім, я схамянуўся і заціх,
я зьнік, застыў, нібыта ўзмах чаканам,
нібы асадкі капілярны штрых.
Імгненьне, два – і з дна неспадзяванкі
іду на позірк твой, нібы на штык,
і мроіцца мне сьмех філістымлянкі,
і акіян барбарыянскіх пік.
“Хто ты?” – шапчу, а нехта процілеглы
суседу шэпча пра нябачны мур,
пра якасьць бруку, вэртыкалі цэглы
і беларускі некашэрны жур.