№ 16 (225), 16 — 23 красавіка 2001 г.
Уваход вольны
Фэстываль “Залатагорская ліра”
Залатая Горка заўжды была месцам, прыцягальным і для Бога, і для людзей. Цяперашні залатагорскі касьцёл быў збудаваны ў 1861 г. Гісторыя захавала імёны людзей, якія зрабілі найбольшыя ахвяраваньні на будоўлю: Сымон Леановіч, Ігнат Лясковіч і Антаніна Камінская. Іхнымі намаганьнямі паўстаў храм, а для званіцы адлілі чатыры званы: “Браніславу” (вагою 1 пуд), “Стэфана” (8 пудоў), “Леанарда” (53 пуды) і звон з надпісам “Року Панскага 1799” (80 пудоў). У касьцёле было чатыры алтары (адзін зь іх – сьв.Роха з драўлянай цудатворнай статуяй), а інтэр’ер быў вытрыманы ў стылі нэаготыкі. Галоўным упрыгожаньнем былі 14 выяваў з мазаічнае масы, ахвяраваныя ў 1905 г. мужам і жонкай Янчэўскімі. У тым жа годзе намаганьнямі кс.Гашынскага ў касьцёле былі ўсталяваныя паўстажковыя арганы зь дзьвюма клявіятурамі і пэдалямі. Той інструмэнт быў зроблены на замову ў віленскай фірме Астрамецкага, меў 18 галасоў ды 7 рэгістраў, а аформлены быў у гатычным стылі. Куды падзеліся тыя арганы ў страшныя гады бальшавіцкага тэрору, невядома. Як і начыньне, абразы і статуі. Растрыбушылі і труны фундатараў і дабрадзеяў храму: Сымона і Юзэфы Леановічаў, Барбары Сабецкай, Ігната Лясковіча, Стэфаніі Гашынскай, спадароў Пацейкі, Нарэйкі ды Марцінкевіча — што былі пахаваныя ў сутарэньнях. Спляжылі бульдозэрам надгробкі на храмавых могілках… Аднак, нягледзячы на гэта, касьцёл поўніў сваю місію да 1937 г. Падчас апошняе вайны ў ім згарэў дах, але вернікі сваімі сіламі аднавілі старую сьвятыню. Але савецкая ўлада забрала яе ў іх, і касьцёл паціху разбураўся.
Адное шчасьце, што на савецкіх абшарах запанавала нечаканая мода на арганныя канцэрты. На пачатку 1980-х Міністэрства культуры з надзвычайнай энэргіяй узялося за рэстаўрацыю касьцёлу, усталявала навюткія арганы чэскае вытворчасьці, а ў сутарэньнях, дзе раней спачывалі труны, пабудавала гардэроб для слухачоў.
1 чэрвеня 1984 г. у былой сьвятыні адчынілася заля арганнай і камэрнай музыкі. А з пачаткам распаду бальшавіцкае імпэрыі вернікі адваявалі сьвятыню сабе. Але каталікі ўлічылі інтарэсы Філярмоніі, якая па-ранейшаму ладзіць тут канцэрты.
Зрэшты, ня так даўно ў касьцёле паўстала, так бы мовіць, собская філярмонія. А спрычыніўся да гэтага малады арганіст, таленавіты кампазытар з кансэрваторскай адукацыяй Віктар Кісьцень. Музычнае таварыства “Ліра” пры касьцёле Найсьвятой Тройцы – бадай, адзіная ў горадзе цалкам дабрачынная канцэртавая арганізацыя. Аднак, нягледзячы на свой сьціплы статус, яна двойчы ў год – на Хрыстовае Нараджэньне і на Вялікдзень – ладзіць у памяшканьні касьцёлу прыгожыя музычныя фэсты. Велікодны фэстываль, які сёлета адбываецца ўжо другі раз, носіць назву “Залатагорская ліра”. Праўду кажучы, назва гэтая крыху дзіўнаватая для фэстывалю духоўнае музыкі. Бо ліра – у тым выглядзе, як яна намаляваная на эмблеме таварыства – інструмэнт паганскі, прыналежны Арфэю дый Апалёну. Аднак існуе яшчэ й беларуская ліра – сяброўка і спадарожніца сьляпых жабракоў, што бадзяліся зь вёскі ў вёску, прапаведуючы Эвангельле і сьпяваючы псальмы. Гук той ліры быў тужлівы і працяглы, як палявы шлях. А ігралі на ёй, варочаючы дзяржальну, якая запускала ў дзеяньне адмысловы колавы мэханізм. Калі верыць нашаму паэту Ўладзіславу Сыракомлю, дык вясковыя лірнікі былі людзьмі бескарысьлівымі ды пабожнымі, зусім як цяперашнія “фэстывальшчыкі”.
Адметнасьцю фэсту, які распачынаецца сёньня і доўжыцца да 29 красавіка, будзе нязмушанае суіснаваньне каталіцкае, пратэстанцкае і праваслаўнае музыкі. Каталіцкая і праваслаўная музычныя стыхіі будуць суседнічаць нават у межах той самай імпрэзы, бо амаль у кожным канцэрце будзе ўдзельнічаць некалькі музычных калектываў – прафэсійных і аматарскіх, касьцельных і сьвецкіх. Галоўныя імпрэзы фэстывалю пройдуць 16 ды 18 красавіка а 19-й, 22 ды 29 красавіка а 16-й. Уваход, зразумела ж, вольны.
Юлія Андрэева
Каментары