З УСІХ СТАРОН

 

Force majeure

баўгарскія нарысы

Дзесяць год таму паміж Баўгарыяй і незалежнай Беларусяй усталяваліся дыпляматычныя зносіны. Цяпер ужо амаль ніхто ня згадвае сацыялістычнага мінулага, калі для жыхара СССР Баўгарыя была “не замежжа”. Разам з сацыялізмам на абшарах былога СССР скончылася й баўгарская манаполія на імпарт кансэрваваных агуркоў, таматаў, перцаў ды розных іншых прысмакаў. Затое зьявілася люценіца, якую насамрэч больш нідзе ў сьвеце не вырабляюць.

 

Дагэтуль штолета на адпачынак у Баўгарыю выпраўляюцца нашыя турысты. Танна і прыемна. Вяртаюцца дахаты са звычайнымі пляжнымі ўражаньнямі. Мора, сонца, прыгожыя хлопцы ці дзяўчаты (залежна ад полу турыста), новыя знаёмствы, баўгарскае віно... Аднак тэрыторыя Баўгарыі не абмяжоўваецца ўзьбярэжжам. Баўгарыя — краіна надзіва разнастайная. Тут можна пабачыць усё, прычым за гэта, у адрозьненьне ад іншых багатых на ўражаньні краінаў, амаль ня трэба плаціць. Часта, калі чалавек доўга жыве ў пэўнай краіне, ён прызвычайваецца да ейных асаблівасьцяў, перастае зьвяртаць увагу на тое, што ўражвала раней. Баўгарыя ж шторазу зьдзіўляе ўсё больш і больш. Што зьдзіўляе? Мясьціны, падзеі й найбольш, вядома, людзі.

Акрэсьліць баўгарскі нацыянальны характар папросту немагчыма. Баўгарыя — гэта адначасова і эўрапейская, і славянская, і, перадусім, балканская краіна. Ня ведаю, якой Баўгарыя была пятнаццаць год таму. Цяжка ўявіць, што тут некалі панаваў сацыялізм, калі кожны мусіў рабіць тое, што ад яго патрабавалі. Баўгарыя хутка разьвіталася са сваім нядаўнім мінулым і недзе на шляху да дэмакратыі пасьлізнулася й патрапіла ў анархію, то бок у нармальны балканскі лад жыцьця. І яму наўрад ці змогуць супрацьстаяць сацыяліст-прэзыдэнт і цар-прэм’ер.

Рытм жыцьця ў Баўгарыі на першы погляд здаецца вельмі шпаркім. Усе заўсёды некуды сьпяшаюцца. Але часта гэта псэўдаактыўнасьць, рух тут нейкі тлумны. Сустрэчы прызначаюцца на пэўны час, але абодва бакі зазвычай спазьняюцца, прычым не на пятнаццаць хвілінаў, а значна болей, і пры тым усё адно сустракаюцца. Чаму спазьняюцца: трамваі марудныя, аўтобусы зьмяняюць маршруты ў залежнасьці ад сытуацыі на дарогах і волі кіроўцы; нехта спазьніўся на папярэднюю сустрэчу, таму іншы спазьніўся на наступную; крама, у якую трэ было забегчы, была зачыненая, таму давялося тэрмінова шукаць іншую. Суцэльны форс-мажор. Плянаваць што-небудзь тут ня мае ніякага сэнсу. Рана ці позна ты ў гэтым пераканаешся. Таму ў рэшце рэшт ты абавязкова апынешся ва ўтульнай кавярні, дзе няспынна віруе жыцьцё.

Кавярні тут паўсюль. А ў цёплую пару году нават самыя вузкія ходнікі застаўленыя плястыкавымі сталамі. Тут баўгары бавяць і вольны, і працоўны час. Вырашаюць асабістыя праблемы, прызначаюць бізнэс-сустрэчы, лаюць палітыкаў, абмяркоўваюць жыцьцё тэлезорак, моду, спорт, жанчын, цэны, смакавыя якасьці розных відаў ракіі. Традыцыя бавіць час такім чынам выклікае ў турыстаў уражаньне грунтоўнасьці й дабрабыту (але гэта толькі ўражаньне).

Кава і тытунь спажываюцца ў астранамічных колькасьцях. Забаронена паліць хіба што ва ўстановах кшталту McDonald’s. Таму іх наведваюць пераважна замежнікі, якія шчэ не пакаштавалі мясцовых страваў або якім не дазваляе гэта зрабіць уласны гонар. А дарма.

Баўгарская кухня вельмі багатая і разнастайная. Нават заходні fastfood адпачывае ў параўнаньні з баўгарскай бърза закуска, ня кажучы ўжо пра нармальную ежу. Грунтоўна падсілкавацца ў традыцыйнай баўгарскай установе можна па ўдвая ніжэйшых коштах, чым перахапіць якісь гамбургер у тым жа McDonald’s.

З раніцы ў кавярні адбываецца адмысловы рытуал: ранішняя кава, ранішняя цыгарэта, ранішняя газэта. Толькі пасьля пачынаецца дзень. Увечары кавярні часта ператвараюцца ў “пункты калектыўнага прагляду” спартовых спаборніцтваў ці тэлешоў. Калі ты прыйшоў сюды пагаварыць зь сябрам у ціхай абстаноўцы — лепей разьвітайся са сваім намерам і далучыся да прафсаюзу заўзятараў, бо голасу свайго суразмоўцы ты ўсё адно не пачуеш. Калі ня ведаеш, за каго “хварэць”, крычы проста так. Пасьля ўсе разам будуць піць піва. У размовах з замежнікамі баўгары часта наракаюць на лёс, скардзяцца на цяжкае становішча, кпяць зь сябе, дазваляюць самыя сьмелыя абразы ў бок сваёй краіны. Але толькі сабе. Замежніку крытычныя заўвагі на адрас Баўгарыі недаравальныя.

Увечары надзённыя асабістыя праблемы адыходзяць на другі плян, саступаючы месца сусьветнай палітыцы, эканоміцы, іншым сур’ёзным тэмам. У кожнага ёсьць свой пункт погляду, які ён упарта будзе адстойваць толькі сёньня, таму што заўтра меркаваньне можа карэнным чынам зьмяніцца. Галоўнае — гэта супрацьстаяць каму- або чаму-небудзь. Тут кожны патрапіць лягічна давесьці, як правільна кіраваць краінай, растлумачыць, хто вінаваты ў апошнім скандальным злачынстве.

Глебу для кавярных дыскусіяў спраўна рыхтуюць мясцовыя СМІ з надзвычай стракатымі загалоўкамі кшталту “Краіна ў полымі”, “Джоні Ўокер” выклікаў вайну”. Падрабязнасьці з жыцьця зорак расейскага шоў-бізнэсу тут робяцца вядомымі раней, чым у Расеі. Мастацкую літаратуру тут у транспарце, у адрозьненьне ад Менску, не чытаюць.

Тэарэтычна кожны баўгарын вельмі добра падкаваны ва ўсіх пытаньнях. На інфармацыйны голад баўгары не пакутуюць. Штодня выходзіць мноства таблёідаў. Некаторыя газэты выходзяць нават двойчы на дзень. Але ўсе яны аднастайныя. Галоўнае — прыцягнуць чытача сэнсацыйным загалоўкам, якому часам зусім не адпавядае зьмест артыкулу. Значную частку займае рэкляма і прыватныя абвесткі, астатняе — разнастайныя скандалы і кампраматы. Элітных выданьняў амаль не існуе. Інфармацыі тут не бракуе. Праблема ў тым, каб выбраць якасную інфармацыю.

Нягледзячы на кавярную палітычную актыўнасьць і сьвядомасьць, на апошнія прэзыдэнцкія выбары прыйшло ўсяго каля 40% выбарцаў. Падобна на тое, што надзеі на паляпшэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне яе грамадзяне больш ня зьвязваюць з уладамі. Частыя і часам вельмі балючыя перамены стамілі баўгараў. Яны даўно ўжо прыйшлі да высновы, што разьлічваць можна толькі на ўласныя сілы.

Падсьвядома баўгары гатовыя да любых зьменаў — лёс прывучыў. Гэта датычыць як грамадзкага, так і асабістага жыцьця. Баўгары не выносяць нуды і аднастайнасьці. Часта яны захапляюцца нечым, укладаюць у гэтую справу багата часу і грошай, а пасьля кідаюць, каб аддацца новаму захапленьню.

Прадпрымальніцтва і вынаходлівасьць выпрацоўваліся ў баўгараў стагодзьдзямі. Яны адважваюцца на самыя падазроныя авантуры і не расчароўваюцца, калі нешта не атрымліваецца. Вынаходлівасьць тут грунтуецца на дзіўным спалучэньні хітрасьці і натуральнасьці. Ну вось хоць бы такі прыклад. Праезд у гарадзкім транспарце ў Баўгарыі досыць дарагі, і сафіянцы пакідаюць выкарыстаныя квіткі ў аўтобусе — сам скарыстаўся, дай іншаму. Затое кожны можа спадзявацца, што ў іншым аўтобусе пашанцуе і яму. На вокнах нястомныя кандуктары ўпарта лепяць аб’явы кшталту “Грамадзянін! Будзь сумленны, не бяры б/у-шныя квіткі”. Вядома, баўгары, якія заўсёды лічылі дзяржаву вінаватай ва ўсіх сваіх праблемах, ня купяцца на такія заклікі. Добра гэта ці блага, кругавая парука, рудымэнты сацыялізму? Пытаньне ня мае адказу. І не патрабуе.

Аднак баўгарская вынаходлівасьць часта ўтрымлівае ў сабе небясьпеку для замежніка. Асобу, якая толькі нядаўна прыехала ў краіну, тут называюць “заяц”. Непрыемнасьцяў можна чакаць перадусім ад таксоўшчыкаў і гандляроў. Нават у афіцыйных пунктах абмену валюты выдумляюць розныя хітрыкі. Напрыклад, мяняюць месцамі слупок куплі і продажу ці вялікімі літарамі пішуць “no commission”, а пасьля маленечкімі ўнізе ўдакладняюць, што камісійных не бяруць толькі пры куплі валюты.

Баўгары ад прыроды вельмі здольныя і неяк інстынктыўна разумныя. Іхны патэнцыял амаль бязьмежны. Праблемы ўзьнікаюць на стадыі рэалізацыі гэтага патэнцыялу. Маладыя баўгары хочуць быць эўрапейцамі, таму ім даводзіцца ўвесь час змагацца з сабою. Трэба адвучыцца круціць галавой, калі кажаш “так”, кінуць паліць, зрабіць выгляд, што ня любіш балканскай музыкі. Але гэта дробязі. Самае складанае — увесь час пераадольваць сапраўдны ці ўяўны форс-мажор ці зводзіць да мінімуму ягоны эфэкт. Калі-нікалі яны зьбіваюцца з вызначанага імі самімі рытму, тады яны дазваляюць сабе расслабіцца па праграме, якую можа адолець толькі балканская асоба, а пасьля зноў вяртаюцца да барацьбы з сабой.

Замежніку тут патрэбны некаторы час на акліматызацыю. Цяжка тым, хто прывык да завядзёнкі, да стабільнасьці, хто пахвілінна распляноўвае свае крокі. Тутэйшы лад жыцьця такіх людзей абурае. Яны лічаць мясцовых жыхароў гультаямі. І памыляюцца. Проста выраз заклапочанасьці на твары як атрыбут занятай асобы баўгарам не ўласьцівы. Таму ў “зайцоў” часта ўзьнікае ўражаньне, што тут заўсёднае сьвята. І яны ня надта далёкія ад праўды, калі сьвятам лічыць сам факт існаваньня на гэтай зямлі. Нягледзячы на адвечныя скаргі і пакуты, на сапраўды жорсткія выпрабаваньні, баўгары заўсёды застаюцца жыцьцялюбамі.

Марына Золатава


 

Смаленшчына

Попыт на бронзу і цэглу

Смаленшчына перажывае навалу вандалізму, зьвязаную з паляваньнем на каляровыя мэталы. У лютым зладзеі раскурочылі адну з францускіх гарматаў — трафэяў вайны 1812 г., што ля помніку абаронцам Смаленску, але не змаглі далёка аднесьці яе бронзавую рулю ў тры з паловай цэнтнэры вагой. У аднаго з помнікаў-аленяў ужо двойчы адпілоўвалі рогі. Бронзавыя дэталі зьнікаюць і з помніка ў сквэры Памяці Герояў, і з помніка Мікешыну ля карціннай галерэі, і з помнікаў паэтам Ісакоўскаму ды Твардоўскаму. Будматэрыялы таксама ў цане: мур Смаленскага замку паступова разьбіраюць на цэглу, а ў рукі скульптуры ягонага стваральніка Фёдара Каня ўвесь час укладаюць пустыя бутэлькі.

Падай вады

Смаленскія энэргетыкі змагаюцца з тымі, хто ня плаціць за іхныя паслугі. У выніку ў цэлым горадзе пэрыядычна зьнікае гарачая вада. Пры канцы лютага яе не было нават у будынках, дзе месьціцца гарадзкое і абласное кіраўніцтва.

Недахоп начальнікаў

У Смаленску мужчынаў у веку да сарака гадоў з вышэйшай адукацыяй і досьведам кіраўнічай працы будуць накіроўваць на перападрыхтоўку. Адбываецца гэта ў рамках адпаведнай праграмы расейскага прэзыдэнта. Мэта — забясьпечыць кіраўнікамі ўсе сфэры эканомікі.

Дровам болей веры

Чыноўнікі смаленскай абласной адміністрацыі канстатуюць дэфіцыт паліўнага газу ў вобласці й сьцьвярджаюць, што стаўка на газыфікацыю была памылкай. У найбліжэйшыя гады паліўная прамысловасьць Смаленшчыны будзе арыентаваная на ўзнаўленьне здабычы і спажываньне мясцовых паліўных рэсурсаў — бурага вугалю, торфу і драўніны.

Ня пі джын-тонік!

На бляшанках з расейскімі лёгкаалькагольнымі напоямі могуць зьявіцца выявы чалавечага твару, скажонага алькаголем, а таксама папярэджаньні пра іхную шкоду. Расейскія мэдыкі заклапочаныя павелічэньнем у паўтара разу выпуску слабаалькагольных газаваных напояў і пашырэньнем выпадкаў атручэньня імі сярод падлеткаў.

Каса на колах

Улада зьбіраецца абавязаць гаспадароў шматлікіх смаленскіх “маршрутак” набыць і выкарыстоўваць касавыя апараты. Ініцыятыва належыць мясцовай філіі падатковага міністэрства. Падчас адмысловага рэйду за нявыдачу білетаў і адсутнасьць у салёне цэньніка кіроўцы маршрутных таксовак заплацілі штрафу болей як на 71 тыс. расейскіх рублёў (каля 4 млн. беларускіх). Штогод расейскі бюджэт губляе пад два мільярды расейскіх рублёў ад махінацыяў з касавымі апаратамі.

Паводле смаленскіх газэтаў падрыхтаваў Міхал Чарвінскі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0