навіны гаспадарскія

125 ДАЛЯРАЎ СЯРЭДНЯГА ЗАРОБКУ абяцае налета ўрад. Грошы маюць ашчадзіць на бюджэтнай сфэры. Ужо да канца гэтага году зачыняць пад 100 малых школаў у вёсках.

ЗЬНЯЦЬ АДНАПАКАЁЎКУ ў Менску можна ня менш чым за 60 даляраў у месяц. Сталічныя рыэлтары кажуць, што найбліжэйшым часам цэны ня зьменшацца, бо на танныя кватэры вялікі попыт у студэнтаў. Год таму за аднапакаёўку прасілі 50 даляраў.

НА 2% ПАТАНЬНЕЛІ КРЭДЫТЫ Нацбанку. Цяпер крэдыт тут можна ўзяць пад 42% гадавых. У Нацбанку тлумачаць зьніжку спыненьнем інфляцыі: за ліпень цэны падвысіліся толькі на 1,2%.

ГАРЭЛКА ПАДАРАЖЭЛА на 4%. Паўлітровая пляшка “Крышталю-100” каштуе 2555 руб., “Белай Русі” і “Крышталю-люкс” — 2640, “Белай Русі-люкс” і “Крышталю-люкс новы” — 2735. З пачатку году вадкая валюта падаражэла ўжо болей чым на 25%.

50 ТЫС. ТЭЛЕФОНАЎ усталявалі за першую палову году. Цяпер у чарзе па хатнія тэлефоны стаяць 150 тыс. чалавек. Траціна зь іх — ільготнікі.

80% МЕНСКІХ ТРАМВАЯЎ трэба сьпісваць цягам наступных 3 гадоў. Вартай замены ім ня будзе. Сёлета сталіца знайшла грошы толькі на 15 новых “белкамунмашаўскіх” трамваяў і на 10 былых у карыстаньні машынаў зь Нямеччыны.

КВАДРАТНЫ МЭТАР ЖЫЛЬЛЯ патаньнеў на 13,6% за год. Сёньня яго кошт у стандартных “панэльніках” — 220—300 тыс. рублёў. Праўда, гэта без падлогі, дзьвярэй і шпалераў.

ПАДАРАЖЭЛА ЗОЛАТА. У Нацбанку зьлітак у 1 грам можна купіць за 28253, а 10 грамаў — за 221634 рублі.

ПЯТЫ ВАГОН да цягнікоў мэтро дачэпяць у верасьні. Куплялі дадатковыя вагоны ў Расеі.

ЗЬЛІКВІДАВАЦЬ ЧАСТКУ ЛЬГОТАЎ прапануе Міністэрства эканомікі. Ільготы скасуюць “чарнобыльцам”, вайскоўцам і героям СССР. Апроч таго, падаражэюць камунальныя паслугі. Калі цяпер насельніцтва краіны аплачвае 40% іх сабекошту, дык налета гэтая лічба павялічыцца да 60%.

ЗВЫШЦЁПЛЫ АЎТОБУС зрабілі на МАЗе. Найперш яго будуць прадаваць у Расею.

С.І.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0