***

Галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько адказвае на артыкул Сямёна Букчына “Скокі ў дыме “Норд-Осту” ў “Народнай волі”.

Палітычная эліта краіны хварэе на непасьлядоўнасьць. Як вы ставіцеся да беларускай мовы? Шаную, але, на жаль, не размаўляю. Ці любіце вы беларускую літаратуру? Люблю надта, але даўно не чытаў. Усе разумеюць, што гэта праблемы сталеньня, якія будуць пераадоленыя з гадамі. І ўсё ж грамадзянам, па сваёй культуры беларускім, ад такой далікатнай пагарды прыкра. Тое самае і з прэсай.

Эліта "паважае і падтрымлівае" цалкам беларускамоўныя выданьні, але, пераважна, не чытае іх. "Наша Ніва" радая, што хоць гэтая апошняя звычка разбураецца, і мо найхутчэй. Штотыдзень у якой-небудзь тэлеперадачы ці газэце зьяўляюцца перадрукі з "НН" або палемікі зь ёй. Адна з самых палкіх і цікавых - артыкул Сямёна Букчына "Скокі ў дыме "Норд-Осту" ў "Народнай волі" ад 30 кастрычніка. Гэты матэрыял патрабуе пары ўдакладненьняў.

"Барыс Нямцоў пайшоў дамоў". Гандляваць незалежнасьцю нягожа, хто б ні прыцэньваўся. Гэта Вашая, сп.Букчын, думка. Дык хіба экстравагантнае выдварэньне Нямцова і чыста наская "канфіскацыя ў яго 50 тысяч даляраў" нешта мяняюць у мэтах ягонага прыезду? А яны цьмяныя. Ці заслугоўвае тады "НН" ганьбы толькі за тое, што крытыкавала мэты пасьля выдварэньня іх носьбіта? Ці выдварэньне, па-Вашаму, робіць Нямцова сьвятым для прэсы? А калі б нейкі расейскі палітык прыехаў з аналягічнымі прапановамі ў Кіеў ці Вільню, што, думаеце, яму там кідалі б хрызантэмы замест яек толькі таму, што ён Хакамада? Вы ня згадваеце, што ў артыкуле "НН" няма ні слова, якое ўхваляла б само анэкдатычнае выдварэньне Нямцова. З анэкдоту сьмяюцца, радавацца анэкдоту немагчыма. Шкада, што вы не заўважаеце іроніі ў фразе "Паспалітае грамадзтва цешыцца так, нібы гэта беларускія хакеісты перамаглі расейцаў", ігнаруеце і горкае тлумачэньне, чаму рэакцыя такая неадэкватная. Ня хвалім мы такога "паспалітага" грамадзтва, а іранізуем зь яго (а часам і зь сябе, прызнаемся).

"Лідэр апэрэткавае апазыцыі". Раз генэрал Фралоў прапануе сябе ў лідэры апазыцыі, хай будзе гатовы да разгляду пад мікраскопам. Прычым лепш загадзя, чым па выхадзе на фінішную прамую, як гэта робяць некаторыя выданьні. А то шмат мы бачылі мяшкоў з катамі за апошнія гады. Камэнтатар "НН" раскладае па палічках перавагі Фралова, ягоныя слабыя бакі і толькі пасьля робіць свой вывад. Прычым кожны з выяўленых недахопаў можна пацьвердзіць, так бы мовіць, дакумэнтальна. "Фралоў адстаўны вайсковец, а грамадзкая думка ня лічыць ваякаў здольнымі да дзяржаўнага кіраваньня", - піша камэнтатар. (Шкада, дарэчы, што Вы, сп.Букчын, у цытатах мяняеце словы, а правапіс робіце мяшаным - гэта стварае ў чытача "НВ" уражаньне, што "НН" газэта напаўпісьменная.) Вы паруеце: "Адкуль гэта вы ўзялі, спадар Тумар? Якраз вайскоўцаў яшчэ вельмі шануюць у народзе. Прыход палкоўніка Пуціна на крамлёўскі трон - таму бліскучае пацьверджаньне". Па-першае, Расея не Беларусь. Па-другое, Пуцін не вайсковец. Па-трэцяе, камэнтатар "НН" грунтуецца на канкрэтных выніках апытаньня НІСЭПД, праведзенага ў 2001 г. (на піку папулярнасьці Пуціна, калі заўгодна): "Якім, на Ваш погляд, павінен быць будучы прэзыдэнт Беларусі? Цывільны - 44,2%. Вайсковец (у тым ліку ў адстаўцы) - 5,1%". Па-чацьвертае, камэнтатар "НН" кіруецца адным жаданьнем - каб новы лідэр апазыцыі быў моцным. На жаль, і паходжаньне з рэгіёну, што ня даў магутнага гаспадарча-палітычнага клану, і няўменьне гаварыць на мове, і кантакты з другараднымі расейскімі партыямі, і прыналежнасьць да "палаты" сапраўды зьмяншаюць шанцы ператварыцца зь лідэра апэрэткавай апазыцыі ў лідэра апазыцыі сапраўднай. Па-пятае, толькі хворы на празьмерныя ўладныя амбіцыі палітык можа ў цяперашняй Беларусі заводзіць цынічную гаворку пра абмежаваньне дзяржаўнага сувэрэнітэту, якая нічым ня розьніцца ад словаў Лукашэнкі ўзору 1996 г.

Нарэшце, Вы нідзе не адзначаеце, што "НН" - газэта лібэральная, за што яе шчыра ненавідзяць супэрпатрыёты, асабліва Іскарыётавы. Таму такія суб'ектыўныя матэрыялы, як аналіз апазыцыйных якасьцяў сп.Фралова, друкуюцца толькі на старонцы "Камэнтары, меркаваньні, лісты". Ясная назва, ці ж ня так? Калі гэтага ня ўлічваць, можна далёка зайсьці. "Советская Белоруссия" неяк гучна абмяркоўвала зьмест аднае з нашых прыватных абвестак, выводзячы зь яе далекасяжныя высновы.

"Урастаючы ў дэмакратыю". "НН" ніколі не заклікала да "супрацоўніцтва з уладамі" ў тым сэнсе, які Вы ўкладаеце ў гэтыя словы. С.Дубавец пісаў на нашых старонках пра неабходнасьць "спаборніцтва з уладамі" замест ранейшага ўхілізму. Розьніца выразная. Зрэшты, на гэтую ж тэму з самымі рознымі поглядамі ў "НН" выступалі сп.Букчын, Сідарэвіч, Аркуш ды інш. - ізноў жа на палосах "Камэнтароў і меркаваньняў".

"Дзьве аплявухі Расеі". "Аплявуху" на расейскую мову ў такім кантэксьце ўсё ж сьлед перакладаць як "пощечина", а не "оплеуха". Г.зн., паводле слоўніка Ожэгава, "зьнявага, маральны ўдар". Гэта, па-мойму, здымае неўразуменьне. Шкада, што маскоўскія падзеі здарыліся акурат у тую гадзіну, калі "НН" здавалася ў друк, і мы не пасьпелі ні паінфармаваць толкам нашых чытачоў, ні атрымаць камэнтары. Робім гэта сёньня. Відаць, у іх ацэнцы наша пазыцыя супадае зь меркаваньнем сп.Букчына цалкам. Тэрарызму няма апраўданьняў, як няма апраўданьня палітычным забойствам або спэкуляцыям на нечай крыві.

"НН" - ня ісьціна ў апошняй інстанцыі. Яна існуе, каб выпрацоўваліся ідэі, людзі дашукваліся сваёй праўды, вучыліся супастаўляць і сьведама выбіраць.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0