Сацыялягічная служба агенцтва БелаПАН «Люстра» зладзіла на замову «НН» апытаньне жыхароў сталіцы пра іх стаўленьне да краінаў рэгіёну. Пытаньне гучала наступным чынам: «Якой з постсавецкiх i постсацыялiстычных краiнаў Вы сымпатызуеце?» Рэспандэнтам прапаноўвалася таксама адказаць, чаму ім падабаецца тая ці іншая краіна. Можна было называць некалькі дзяржаваў. Вось як разьмеркаваліся адказы.

Расея дарагая як памяць

Вось жа, 25% з 500 апытаных сымпатызуюць Расеі. Гэта малая лічба, як для краіны-саюзьніцы. Фактычна, працэнт сымпатый да ўсходняе суседкі апусьціўся да долі этнічных расейцаў у насельніцтве Менску. Параўнальна нізкія сымпатыі да Расеі тым больш нетрывалыя, што расейская эканоміка знаходзіцца на ўздыме, прэзыдэнт Пуцін б’е рэкорды асабістае папулярнасьці, а вайна ў Іраку мабілізуе ахоўныя рэакцыі прарасейскае часткі насельніцтва.

Прычыны сымпатыяў да Расеі эмацыйныя («бо падабаецца Пуцін», «бо доўга жылі разам») або ідэйнага характару («зь ёю нас зьвязвае гісторыя», «таму што браты — у трудзе і бядзе разам» — такія ж браты, як, між іншым, з палякамі і літоўцамі). Усё гэта робіць і без таго кволую для Расеі лічбу 25% зьнікомай.

Моладзь глядзіць на Нямеччыну

Сярод сымпатызантаў Расеі 71% складаюць людзі ад 40 гадоў і старэйшыя (паводле сацыяльнага статусу гэта найчасьцей рабочыя, пэнсіянэры). А вось сярод сымпатыкаў Нямеччыны 78% людзей у веку 23—49 гадоў, вялікая доля інжынэрна-тэхнічных работнікаў, студэнтаў.

Нямеччына, дарма што трапіла ў шэраг постсацыялістычных паводле фармальнай прыкметы, была адзінай краінай «сапраўднага Захаду» ў сьпісе. Сымпатыі да Нямеччыны збольшага маюць эканамічную аснову: «там добра жывуць», «там дбаюць пра людзей». Нямеччыну часта называюць у адным пачку з Польшчай і Чэхіяй.

Польшча — малы тыгр рэформаў

Кожны шосты жыхар сталіцы сымпатызуе Польшчы. Сярод палянафілаў пераважаюць жанчыны (58% проці, напрыклад, 46% сярод прыхільнікаў Расеі). Моладзь 18—39 гадоў складае 69% сымпатыкаў. Вялікі працэнт прадпрымальнікаў, студэнтаў. Гэты паказьнік уражвае, калі ўлічыць ступень антыпатыі палякаў да Беларусі, што саступае толькі нэгатыўнаму стаўленьню да Ўкраіны й Расеі.

Чэхія — гістарычны саюз

Вітаўт, Скарына, Геніюш, Швэйк, Гавал, Карлаў унівэрсытэт і нават піва не вытлумачваюць усяго фэномэну любові да Чэхіі — адзінай малой краіны, што не мяжуе зь Беларусяй, але цешыцца вялізнай сымпатыяй менчукоў: моладзі, людзей з вышэйшай адукацыяй, а таксама... хатніх гаспадыняў. Сярод найбольш частых аргумэнтаў — «у іх ёсьць чаму павучыцца», «там людзі шчасьлівыя, жывуць нармальна».

Два простыя аўтобусныя рэйсы зь Менску ў Прагу штодзень, цягнік, самалёт, пасольства, асяродак палітуцекачаў — заканамерныя праявы несумненнай цягі беларусаў да чэхаў.

Бывайце, братушкі!

Беларусы пазбываюцца расейскага погляду на сьвет. Ні Баўгарыю, ні Сэрбію — краіны, якія маюць гістарычныя сувязі з Расеяй, — жыхары сталіцы не вылучаюць з агульнае масы «невядомых Балканаў», што застаюцца ў цэлым чужэйшымі, чым нават азіяцкія рэспублікі Садружнасьці.

Фіялетава, сіне з зорачкамі...

Амаль 30% жыхароў сталіцы ніколі не задумваліся над гэтым пытаньнем, яшчэ 12% не сымпатызуюць нікому, а 5,8% выбралі дыпляматычны варыянт «Усе пералічаныя краіны». Яны складаюць тую палову, якую не цікавяць працэсы за межамі Беларусі.

Тыя ж, хто з сымпатыямі вызначыўся, называлі ў сярэднім 2,46 краіны. Да постсацыялістычных краінаў Цэнтральнай Эўропы менчукі ставяцца з большай сымпатыяй, чым да краінаў СНД. Першым аддаюць перавагу каля траціны, другім — каля чвэрткі апытаных.

Вынікі апытаньня ўскосна пацьвярджаюць тэндэнцыю росту папулярнасьці эўраінтэграцыйных ідэяў, выяўленую сацыёлягамі летась. Беларусы больш ня хочуць, каб было як раней. Па-за сумневам, палітычныя наступствы гэтага развароту ў бок Эўропы не забавяць адбіцца на палітычнай рыторыцы лукашэнкаўцаў і дэмапазыцыі на парлямэнцкіх і асабліва прэзыдэнцкіх выбарах-2006.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0