Чаму я веру ў Буша
Што б ні казалі пацыфісты, няма ў сучасным сьвеце большага паскуды, чым той, чыю статую зрынулі ў сераду багдадцы. Мо дзе ў Афрыцы хіба, дзе жыцьцё ідзе паводле незразумелых нам законаў. Садам загубіў сотні тысяч жыцьцяў. Атакаваў Іран, Кувэйт, Ізраіль, курдаў. Няма другой такой краіны, якая б за апошнія 25 гадоў столькі нападала на суседзяў. Ён адзіны з кіраўнікоў дзяржаваў, хто за апошнюю чвэрць стагодзьдзя ўжыў хімічную зброю (унутры краіны і за мяжой). Ён адзін з чатырох ці пяці, што распрацоўвалі атамную бомбу.
Садам загубіў у дзясяткі разоў болей людзей, чым загінула ў цяперашняй вайне. У Халабджы — пяць тысяч жанчынаў і дзяцей замарыў за адзін дзень. У нас у Курапатах за чатыры гады паклалі 30 тысяч — і нацыя дагэтуль ня можа адысьці ад жаху. А там за дзень — пяць тысяч.
Буш сапраўды не цырымоніцца з ворагамі заходняй цывілізацыі. Іх праблема, што яны абвесьцілі Захаду вайну. Не абвяшчалі б — ня сталі б ворагамі.
Добра выглядаюць цяперашнія пацыфісты ў белых пальчатках, якія чатыры гады таму пляскалі ў далоні Клінтану за Косава. Што, тады не разумелі сутнасьці амэрыканскай палітыкі? Ці мо цяпер не разумеюць нацыянальных інтарэсаў Беларусі? Ня бачаць далей за ўчора і заўтра.
Так, вайна — гэта бяда. Сэрца сьціскаецца ад бясьсільнага болю, калі бачыш скалечаных ірацкіх дзяцей. Але Хусэйн у любым разе загубіў бы болей, калі б застаўся пры ўладзе. Пакіньма рахункі сумленьня Богу, ня нам іх зьлічаць.
Амэрыка для Беларусі — сусед нашага суседа, Расеі. Так было пазаўчора і будзе пазаўтра. Войны мінуцца, а Беларусі ўсё адно прыйдзецца шукаць апоры ў Амэрыцы.
Вы кажаце, што вайна ня вырашыць праблемаў Іраку, што Амэрыка ня здолее дэмакратызаваць краіну? А вось яшчэ пабачым. Клінтан і Садама ня скінуў бы.
Барыс Тумар