Кракаўскі суд пастанавіў сплаціць Эдварду Р. і ягонай сястры 600 тыс. злотых (каля 294 млн. рублёў) кампэнсацыі за страчаны пасьля вайны маёнтак на тэрыторыі сёньняшняй Украіны. На чарзе — яшчэ колькі дзясяткаў падобных справаў.

Былыя землеўладальнікі абапіраліся на пагадненьне між Польскім камітэтам нацыянальнага вызваленьня і УССР, што тычыцца рэпатрыяцыі палякаў з Усходу. Гэткія самыя дакумэнты ў свой час былі падпісаныя зь Беларусяй і Літвой. Паводле аднаго з пунктаў дамовы, Польская дзяржава мае кампэнсаваць рэпатрыянтам страту пакінутых маёнткаў. Але ўлады ня ўнесьлі гэтага міжнароднага пагадненьня ў Звод законаў. І, адпаведна, кампэнсацыя не выплачвалася.

Польскі МЗС пратэставаў супраць рашэньня суду, спасылаючыся на пагадненьне 1952 г. між Польшчай і СССР, паводле якога ўсе маёмасныя справы такога кшталту былі прызнаныя цалкам вырашанымі. Пратэст быў адхілены.

Гэткі вырак — другі за апошнія тыдні. Нядаўна іншая кракаўская сям’я адсудзіла такім самым чынам 2 млн. злотых (1 млрд. 880 млн. рублёў). Яны дамагліся кампэнсацыі за пакінуты ў колішнім Віленскім ваяводзтве 30-гектаравы фальварак і маёнтак з млынам ды вялікім домам у былым Цярнопальскім ваяводзтве. Працэс цягнуўся два гады.

Прадстаўнікі малапольскага ваяводы, які рэпрэзэнтаваў дзяржаву на абодвух працэсах, падалі апэляцыю. Дагэтуль усе такія справы вырашаліся на карысьць дзяржавы. Некаторыя «красавякі» нават зьвярталіся ў Трыбунал па правох чалавека ў Страсбург. У Польшчы жыве 70—80 тыс. асобаў, што страцілі маёнткі на Ўсходзе. Дзяржава вінна ім дзесьці 7—9 млрд. злотых.

МХ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0