У Баранавічах пачаліся адукацыйныя рэформы. Адны навучальныя ўстановы зачыняюць, іншыя аб’ядноўваюць. Гэтыя тэмы цяпер абмяркоўваюць амаль у кожнай сям’і, бо тыя зьмены закранаюць большасьць гарадзкіх ВНУ і ССНУ.

Так, галоўны брэнд цяпер — Баранавіцкі ўнівэрсытэт. Паводле чутак, ён будзе створаны шляхам аб’яднаньня чатырох навучальных устаноў гораду — Вышэйшага пэдагагічнага каледжу, філіі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, філіялу Беларускага інстытуту правазнаўства і філіялу Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

З такою рэарганізацыяй згодны толькі рэктар пэдкаледжу Пётар Шоцкі. На базе навучальнай установы, якой ён кіруе, і маюць заснаваць унівэрсытэт.

Студэнты філіялу БНТУ не задаволеныя такой хадою спраў і напісалі ліст з пратэстам да Лукашэнкі. Падпісаліся пад ім 274 з 300 студэнтаў. Матывуюць навучэнцы тым, што паступалі яны некалі ў вядомую ва ўсёй краіне ВНУ, а зараз атрымаюць дыплёмы нейкага нікому не вядомага местачковага ўнівэрсытэту.

Не падабаецца аб’яднаньне й выкладчыкам: шмат хто страціць працу, шмат хто — добрыя заробкі й незалежнасьць ад дзяржаўных плянаў. Усе астатнія рэктары таксама паціху абураюцца. Выкладчыкі спрабуюць дазнацца праўды, аднак дагэтуль няма дакладных зьвестак аб тым узьяднаньні. Нават ня можа нічога патлумачыць у Міністэрстве адукацыі Юры Сьцепанчук — загадчык упраўленьня вышэйшай і сярэдняй адукацыі. Паводле яго слоў, пытаньне толькі дасьледуецца і іншай інфармацыі пакуль даць нельга. Але ўжо на пачатку траўня ў горадзе чакаюць Лукашэнку, які прыедзе глядзець будынкі новага ўнівэрсытэту.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Руслан Равяка, Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0